Міністр абароны Нямеччыны Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр заявіла ў пятніцу, 31 ліпеня, што мае намер аказаць падтрымку Бундэсверу тым федэральным землям, адкуль ЗША выведуць свае войскі.
Крамп-Карэнбауэр такім чынам адрэагавала на заяву кіраўніка Пентагона Марка Эспера пра планы вываду амаль 12 тысяч амерыканскіх жаўнераў з ФРГ.
Назваўшы рашэнне Вашынгтона «сумным», нямецкі палітык заявіла, што пасля летніх адпачынкаў сустрэнецца з прэм'ерамі федэральных зямель, дзе размяшчаюцца амерыканскія жаўнеры, «каб абмеркаваць, як Бундэсвер можа падтрымаць рэгіёны».
Паводле планаў адміністрацыі Дональда Трампа, жаўнеры будуць выведзеныя з базы Фільсэк у Баварыі, з авіябазы Шпангдэм у зямлі Рэйнланд-Пфальц і Еўрапейскага і Афрыканскага камандаванняў амерыканскіх сіл, размешчаных у Штутгарце, зямля Бадэн-Вюртэмберг.
Нямецкая міністр абаронны Крамп-Карэнбаўэр падкрэсліла, што хоча, каб Еўрапейскі Звяз пачаў адыгрываць большую ролю ў забеспячэнні ўласнай бяспекі.
PAP/эж