Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў беларускія ўлады і грамадзян краіны да дыялогу. Пра гэта ўкраінскі лідар паведаміў у адмысловай заяве, датычнай сітуацыі ў Беларусі.
«Нашыя суседзі беларусы перажываюць няпростыя часы. Ужо відавочна, што ня ўсе ў краіне згодныя з абвешчанымі папярэднімі вынікамі выбараў. А, як вядома, любая легітымнасць узнікае выключна з даверу грамадскасці. (...) Сумненні такога маштабу – гэта прамы шлях да насілля, канфлікту і да нарошчвання грамадскага пратэсту», – напісаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны заклікаў беларусаў да максімальнай талерантнасці, цярпімасці, адмовы ад вулічнага гвалту і да дыялогу. У адваротным выпадку, мяркуе ўкраінскі лідар, эскалацыя насілля вырасце, што пагражае надзвычай горкімі наступствамі.
Уладзімір Зяленскі лічыць, што Беларусь павінна максімальна прытрымлівацца агульнапрынятых дэмакратычных стандартаў і забяспечыць грамадзянам іх правы і свабоды ў поўным аб’ёме. «Гэта адзіны спосаб захаваць надзею на выхад з крызісу», – зазначыў прэзідэнт Украіны.
вс