Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антоніу Гутэрыш заклікаў улады Беларусі спыніць ужыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў, расследаваць звесткі аб катаваннях затрыманых і пачаць шырокі дыялог, паведамляе «Свабода».
У заяве, з якой 11 верасня ад імя кіраўніка ААН выступіў яго прэс-сакратар, гаворыцца, што сітуацыя ў Беларусі выклікае ў генеральнага сакратара глыбокую трывогу. Гутэрыша асабліва турбуюць няспынныя сілавыя дзеянні супраць мірных пратэстоўцаў і затрыманні людзей, якія ажыццяўляюць свае законныя дэмакратычныя правы. Ён таксама занепакоены паведамленнямі аб выкарыстанні тактыкі запалохвання супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, СМІ і апазіцыі.
«Генеральны сакратар ААН заклікае ўлады ўстрымацца ад ужывання сілы супраць тых, хто ўдзельнічае ў мірных сходах, і дамагчыся таго, каб абвінавачанні ў катаваннях і жорсткім абыходжанні з затрыманымі былі цалкам расследаваныя», — заявіў прэс-сакратар Гутэрыша.
Кіраўнік ААН падкрэсліў, што «цяперашні крызіс могуць пераадолець толькі самыя беларусы шляхам шырокага, інклюзіўнага дыялогу». Ён перакананы, што ў інтарэсах стабільнасці гэты дыялог трэба пачаць неадкладна.
Генеральны сакратар ААН ад самага пачатку пратэстаў у Беларусі ня раз звяртаўся да ўладаў дзяржавы з заклікам спыніць катаванні затрыманых. З аналагічнай заявай выступіла і высокі камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет, а таксама Камітэт правоў чалавека ААН.
аз