Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі накіроўваецца сёння ў Вільню, дзе сустрэнецца, між іншым, з прэзідэнтам Гітанасам Наўседай і прэм'ерам Саулюсам Сквернялісам.
У чацьвер у Вільні адбудзецца сустрэча ўрадаў Польшчы і Літвы. Галоўнай тэмай польска-літоўскіх міжурадавых кансультацый будзе сітуацыя ў Беларусі. У сустрэчы прыме ўдзел больш за 20 міністраў з абедзвюх краін.
Плануецца падпісанне дэкларацыі па польска-літоўскім стратэгічным партнёрстве. Аднак, як сказаў кіраўнік Канцылярыі прэм’ера Міхал Дворчык (Michał Dworczyk), на дадзены момант асноўнай і найважнейшай справай з'яўляецца сітуацыя ў Беларусі:
- Заўтра пачынаюцца міжурадавыя кансультацыі, таму частка членаў Рады міністраў накіроўваецца ў Літву, сустрэцца са сваімі калегамі. Плaнуецца падпісанне некалькіх двухбаковых пагадненняў. Аднак, несумненна адной з найважнейшых тэмаў будзе справа Беларусі. Польшча і Літва вельмі заангажаваныя ў гэтую справу, таму і яна будзе таксама закранацца падчас перамоваў.
Ён таксама дадаў, што гэта не спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, як пераконвае беларуская і расійская прапаганда.
Польска-літоўскія міжурадавыя кансультацыі будуць датычыць не толькі польска-літоўскіх пытанняў, але і каардынацыі агульнай палітыкі ў рамках Еўрапейскага саюза.
Будуць абмяркоўвацца пытанні ўмацавання культурных сувязяў і агульнай палітыкі гістарычнай памяці, а таксама рэалізацыя польска-літоўскіх праектаў, звязаных з энергетычнай і транспартнай інфраструктурай.
У Вільні будзе падпісаны ліст аб намерах па справе пашырэння Польскага культурнага цэнтра ў Вільні.
аз