Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Азербайджане абвешчанае ваеннае становішча

28.09.2020 09:01
Еўрапейскі Саюз і ЗША заклікалі ўлады абедзвюх краін спыніць ваенныя дзеянні.
Ільхам Аліеў PAP/EPA/AZERBAIJAN DEFENSE MINISTRY HANDOUT

З сённяшняга дня ў Азербайджане дзейнічае ваеннае становішча. Адначасова ўводзіцца каменданцкая гадзіна ў шэрагу гарадоў і раёнаў краіны, у тым ліку ў Баку. Яна будзе дзейнічаць з 21:00 да 06:00. На час дзеяння каменданцкай гадзіны грамадзянам забараняецца знаходзіцца на вуліцах і ў іншых грамадскіх месцах без спецыяльнага дазволу і дакументаў, якія пацвярджаюць асобу. Акрамя таго, уводзіцца спецыяльны рэжым уезду-выезду і абмежаванні на рух транспартных сродкаў.

Нагадваем, учора азербайджанская армія пачала аперацыю па захопе вёсак у Нагорным Карабаху. Агнём адказалі войскі самаабароны сепаратысцкага анклава і рэгулярныя падраздзяленні Арменіі. Баку і Ерэван заявілі, што рыхтуюцца да вайны.

З учарашняга дня ваеннае становішча дзейнічае ў Арменіі. Апрача таго ўлады ў Ерэване таксама абвясцілі агульную мабілізацыю.

Міністэрства абароны Азербайджана заявіла, што захапіла некаторыя вёскі ў Нагорным Карабаху, а прэзідэнт краіны Ільхам Аліеў абвясціў, што Азербайджан адновіць кантроль над усім сепаратысцкім рэгіёнам. Баку і Ерэван паведамляюць, што абмен агнём прывёў да страт сярод жаўнераў і мірных жыхароў.

Еўрапейскі саюз і ЗША заклікалі ўлады абедзвюх краін спыніць ваенныя дзеянні.

Канфлікт вакол Нагорнага Карабаха працягваецца з 1988 года, калі армянскі анклаў, які ўваходзіў у склад мусульманскай рэспублікі Азербайджан, пачаў адкрыта імкнуцца да незалежнасці, а пасля распаду СССР - абвясціў незалежнасць.

Дзеянняў улад у Сцепанакерце не прызнала ніводная краіна свету. Арменія падтрымлівае сепаратыстаў Нагорнага Карабаха, а Азербайджан спрабуе вярнуць кантроль над гэтым рэгіёнам. У выніку ваенных аперацый за апошнія 30 гадоў у Нагорным Карабаху загінула больш за 30 тысяч чалавек.

аз