Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Еўразвязаўскі відэасаміт не прынёс рашэнняў па бюджэце супольнасці

20.11.2020 09:06
Паведамляецца пра далейшыя перамовы, каб знайсці кампраміс, які задавальняе ўсіх.
Урсула фон дэр Ляен і Шарль Мішэль PAP/EPA/OLIVIER MATTHYS / POOL

Абмеркаванне еўрапейскіх лідараў бюджэту ЕЗ на 2021-2027 гады і фонду рэканструкцыі пандэміі працягвалася некалькі хвілін. Польшча і Венгрыя пацвердзілі сваю нязгоду ў сувязі з палажэннямі, у выніку якіх выплата грошай з агульнага фонду залежыць ад вяршэнства закону ў дзяржаве. Паводле Варшавы і Будапешта, механізм недакладны, выбарачны і дазваляе прымаць палітычна матываваныя рашэнні.

Прэм'ер-міністры Польшчы і Венгрыі, якія ўзялі слова падчас відэасаміту, коратка паўтарылі свае пазіцыі і аргументы. За імі рушыў услед славенскі прэмʼер-міністр, які заклікаў дамовіцца. Кіраўнік Еўрапейскай рады не хацеў дазволіць больш шырокай і глыбокай дыскусіі на гэтую тэму, бо вырашыў, што гэта не адпаведнае месца для вядзення перамоў.

Пасля відэаразмовы Шарль Мішэль заявіў на прэс-канферэнцыі, што ў ЕЗ будуць зроблены спробы ўзгадніць бюджэтны пакет, які будзе прымальны для ўсіх. «Магія ЕЗ заключаецца ў тым, што нам удаецца знайсці станоўчыя рашэнні нават тады, калі гэта здаецца немагчымым», – дадаў кіраўнік Рады.

Старшыня Еўракамісіі выказала надзею на дамоўленасці, нягледзячы на бягучы тупік. «Сіла Звязу ў тым, што ён заўсёды змог пераадолець цяжкасці і крызісы. Мы будзем прыкладаць усе намаганні, імкнучыся ў хуткім часе дасягнуць пагаднення», – сказала Урсула фон дэр Ляен.

Шмат сведчыць пра тое, што вырашальным фактарам стане саміт ЕЗ у сярэдзіне наступнага месяца, на які кіраўнікі 27 краін прыедуць у Брусель.

ав