Два амерыканскія ваенныя караблі ў чацвер, 31 снежня прайшлі праз Тайваньскі праліў, паведамілі ў ВМС ЗША.
Гэта ўжо другая падобная місія ў снежні, якая адбылася амаль праз два тыдні пасля таго, як ударная група кітайскага авіяносца выкарыстала той жа самы водны шлях.
Кітай, які лічыць Тайвань сваёй тэрыторыяй, быў абураны узмоцненай падтрымкай выспы з боку ЗША, уключаючы продаж зброі і праходы ваенных караблёў праз Тайваньскі праліў, што яшчэ больш ускладніла адносіны паміж Пекінам і Вашынгтонам.
ВМС ЗША паведамілі, што эсмінцы «Джон Макейн», і «Керціс Уілбур», абсталяваныя крылатымі ракетамі, «31 снежня здзейснілі звычайны транзіт праз Тайваньскі праліў у адпаведнасці з міжнародным правам».
«Праход караблёў праз Тайваньскі праліў дэманструе прыхільнасць ЗША свабоднаму і адкрытаму характару Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну. Вайскоўцы ЗША будуць і далей лётаць, плаваць і дзейнічаць там, дзе дазваляе міжнароднае заканадаўства», – гаворыцца ў заяве ВМС.
Гэта трынаццаты праход караблёў ВМС ЗША праз праліў у гэтым годзе.
golosameriki/эж