Сёння Літва адзначае Дзень абаронцаў свабоды і ўспамінае ахвяр трагічных падзей ля тэлевежы 30 гадоў таму. У ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года падчас нападу савецкіх салдат на віленскую тэлевізійную вежу былі забіта 14 чалавек, а некалькі сотняў параненыя.
Як гаварыў у эфіры „Радыё з-над Віліі” тагачасны лідар дзяржавы Вітаўтас Ландсбергіс, Польшча актыўна падтрымлівала літоўскія незалежніцкія рухі:
- Польшча падтрымлівала нас на ўсіх узроўнях. Гаворка ідзе пра народ, дзяржаўную адміністрацыю, Касцёл. У Польшчы збіралі сродкі для ахвяраў і сем’яў ахвяраў віленскіх падзеяў.
У Вільню з Варшавы прыязджалі польскія актывісты і палітыкі. Як адзначае палітолаг Анджэй Пукшто з Ковенскага ўніверсітэта імя Вітольда Вялікага, Польшча адыграла важную ролю ў гэтых падзеях:
- У выпадку, калі тагачасныя падзеі ў Вільні мелі б яшчэ больш трагічныя наступствы , то Варшава мела быць месцам працы літоўскага ўраду ў выгнанні.
Сёння памяць ахвяраў трагічных тагачасных падзеяў ушанавала пасол Польшчы ў Літве Уршуля Дарашэўска, ад імя польскіх уладаў яна ўсклала вянок на могілках Антакальніс у Вільні.
Польскае дыпламатычнае прадстаўніцтва таксама далучылася да агульналітоўскай акцыі „Памяць жыве, таму што дае доказы” , а раніцай у адным з вокнаў будынка польскага пасольства была запаленая свечка памяці.
У сваю чаргу ўчора ўвечары на фасадзе Прэзідэнцкага палаца ў Варшаве была ўключаная адмысловая ілюмінацыя з нагоды 30-годдзя падзеяў у Літве.
аз