Беларуская Служба

У Чэхіі па тэлебачанні паказваюць цыкл перадач пра Польшчу

17.09.2021 15:02
Вядучыя праграмы пачалі расповед пра Варшаву на верхнім паверсе Палаца культуры і навукі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/meunierd

Чэшскае грамадскае тэлебачанне пачало трансляцыю новага сезону праграмы пра турызм, тэма якой – Польшча. Варшава была паказана ў першай серыі цыклу.

Вядучыя праграмы пачалі расповед пра Варшаву на верхнім паверсе Палаца культуры і навукі, дзе знаходзіцца тэраса для наведвальнікаў. Яны падкрэслілі, што гэта, бадай, адзінае месца ў цэнтры сталіцы, адкуль не бачна падарунка Сталіна. Затым яны наведалі, між іншым, касцёл Святога Яна Хрысціцеля, Каралеўскі замак, Стары горад і Парк Каралеўскія Лазенкі.

У праграме прадстаўлена гісторыя Варшаўскага паўстання і паўстання ў Варшаўскім гета. Гаспадары наведалі Музей гісторыі польскіх габрэяў і Музей Варшаўскага паўстання. Гледачы таксама маглі ўбачыць бульвары на рацэ Вісла, начное жыццё ў раёне Прага, музей неонаў і музей польскай гарэлкі.

Цыкл перадач пра Польшчу, падрыхтаваны Чэшскім тэлебачаннем, уключае 12 серый, якія будуць выходзіць у эфір кожны чацвер да пачатку снежня. Чэшскія гледачы ўбачаць таксама Гданьск-Гдыню-Сопат, Кракаў, Шчэцін, Лодзь, Катавіцэ ды іншыя польскія гарады. Вядучыя наведаюць Падляшша і наваколле гарадка Еленя Гура.

IAR PR/нг