Беларуская Служба

Каталіцкі касцёл адзначае Сусветны дзень мігранта і бежанца

26.09.2021 11:24
«Усе мы ў адной лодцы», – нагадаў у сваім пасланні Папа рымскі Францішак.
  .
Папа рымскі Францішак.PAP/EPA/FILIPPO MONTEFORTE / POOL

Сёння Каталіцкі касцёл адзначае 107-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца. Мэта свята – задумацца над лёсам людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы з-за войнаў, пераследу або голаду, а таксама абудзіць пачуццё адказнасці за духоўную і матэрыяльную дапамогу іх.

Сусветны дзень мігранта і бежанца адзначаецца з 1914 года. Лозунгам сёлетняга з’яўляюцца словы: «Насустрач пастаянна растучаму «мы».

У сваім пасланні да 107-га Сусветнага дня мігранта і бежанца Папа рымскі Францішак напісаў, што «ўсе мы ў адной лодцы і пакліканы ўзяць на сябе абавязацельствы, каб нас больш не раздзялялі сцены, каб больш не было «іншых», а толькі адныя «мы», як ёсць адно чалавецтва».

Святы Айцец дадаў, што «сёння мы павінны навучыцца жыць разам у гармоніі і міры». Каб дасягнуць гэтага ідэалу, паводле папы Францішка, «ўсе павінны імкнуцца разбурыць сцены, якія нас раздзяляюць, і пабудаваць масты, якія спрыяюць развіццю культуры сустрэчы і ўсведамляюць глыбокія ўзаемныя сувязі, якія існуюць паміж намі».

IAR/аз