Беларуская Служба

Былы прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі асуджаны за незаконнае фінансаванне выбарчай кампаніі

30.09.2021 13:28
Былому прэзідэнту Францыі прысудзілі год турмы. Суд пастанавіў, што ён можа адбыць пакаранне дома з электронным бранзалетам.
Нікаля Сарказі PAP/EPA/IAN LANGSDON / POOL

Былы прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі быў асуджаны на год пазбаўлення волі за незаконнае фінансаванне прэзідэнцкай кампаніі ў 2012 годзе. Пакаранне будзе замененае на хатні арышт з электронным бранзалетам. Крымінальны суд Парыжа таксама асудзіў 13 былых паплечнікаў Нікаля Сарказі.

Паводле суду Нікаля Сарказі ведаў аб фальшывых рахунках і дакументах, дзякуючы якім была фінансаваная ягоная прэзідэнцкая кампанія ў 2012 годзе. Палітык таксама ведаў, што ён перавысіў законны ліміт на кампанію на 16 мільёнаў еўра.

Гэта другі прысуд былому прэзідэнту Францыі. У сакавіку ён быў асуджаны за карупцыю. Нікаля Сарказі займаў пасаду прэзідэнта Францыі з 2007 па 2012 год. Палітык прайграў барацьбу за другі тэрмін сацыялісту Франсуа Аланду.

IAR/аз