Беларуская Служба

Былы прэзідэнт Грузіі абвясціў галадоўку ў турме ў Тбілісі

02.10.2021 09:34
Міхаіл Сакашвілі паведаміў, што вярнуўся вярнуўся ў Грузію, каб падтрымаць сваіх прыхільнікаў падчас мясцовых выбараў.
Міхаіл Саакашвілі PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Сакашвілі, які апынуўся ў турме ў Тбілісі, абвясціў галадоўку. Палітык пасля васьмі гадоў эміграцыі незаконна трапіў на тэрыторыю Грузіі, пра што паведаміў у сацыяльных сетках. Праз некалькі гадзін яго затрымалі спецслужбы.

У 2018 годзе грузінскі суд завочна прысудзіў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне ўладай. Раней ён страціў грамадзянства Грузіі, пасля таго, як прыняў украінскі пашпарт.

Грузінская амбудсменка Ніно Ломджарыя, якая сустрэлася з Міхаілам Саакашвілі ў турме, паведаміла, што былы прэзідэнт Грузіі абвяргае абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай, не згодны з пастановай суда Грузіі і лічыць сябе палітвязнем.

Раней Міхаіл Саакашвілі паведаміў у сацсетках, што вярнуўся ў Грузію, каб падтрымаць сваіх прыхільнікаў падчас мясцовых выбараў і адхіліць ад улады «Грузінскую мару», звязаную з алігархам Бідзінай Іванішвілі.

У сувязі з затрыманнем Міхаіла Саакашвілі прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што ніколі не падпіша памілавання былога прэзідэнта.

У сувязі з затрыманнем Міхаіла Саакашвілі ўкраінскае Міністэрства замежных спраў выклікала  пасла Грузіі. Занепакоенасць у сувязі з затрыманнем выказаў таксама прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

IAR/аз