Учора ўступілі ў сілу дамоўленасці адносна дакументаў, якія пацвярджаюць вакцынацыю, адмоўныя вынікі аналізаў або гісторыю заражэння каранавірусам. Два тыдні таму гэтыя правілы ўвялі толькі ў Бруселі, але ў сувязі з пагаршэннем эпідэміі іх распаўсюдзілі цяпер на ўсю краіну.
«Вірус распаўсюджваецца ўсё хутчэй і хутчэй, нам трэба ўзмацніць нашу абарону», – падкрэсліў прэм'ер-міністр Бельгіі Аляксандр Дэ Кру. Санітарныя пропускі будуць неабходныя для наведвання бараў, рэстаранаў, трэнажорных залаў або мерапрыемстваў з мінімум 200 удзельнікамі ў памяшканні і 400 – на адкрытым паветры.
У Бруселі і Валоніі covid-пропускі таксама будуць неабходныя ў кінатэатрах і тэатрах, тады як Фландрыя выключыла сектар культуры.
Санітарныя пропускі – гэта абмежаванні для людзей, якія не прышчэпленыя, таму што яны павінны кожны раз рабіць тэст на наяўнасць віруса.
«Вакцынацыя – галоўная зброя ў барацьбе з вірусам», – падкрэсліў бельгійскі кіраўнік. У Бельгіі працэнт цалкам прышчэпленых высокі і складае 74% – гэта больш за 8,5 мільёна жыхароў, але сітуацыя адрозніваецца ў залежнасці да рэгіёнаў. Найбольш цалкам прышчэпленых у Фландрыі – амаль 80%, у Валоніі – 69% і найменш у Бруселі – крыху менш за 55%.
ПР/юл