Ад пачатку міграцыйнай хвалі столькі людзей у адзін момант яшчэ не спрабавалі трапіць у Польшчу. Гэта самае сур'ёзнае сілавое супрацьстаянне ў нашай частцы Еўропы за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, піша Rzeczpospolita. На беларускім баку мяжы, каля Кузьніцы Беластоцкай, у панядзелак спынілася некалькі тысяч мігрантаў, іх суправаджаюць узброеныя сілавікі. Ёсць спробы гвалтоўнага перасячэння мяжы. “Было прадказальна, што Лукашэнка захоча выкарыстаць нашае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці Польшчы — для ўдару”, — гаворыць суразмоўца выдання з боку сілавікоў Польшчы.
Rzeczpospolita таксама публікуе дадзеныя сацыялагічнага даследавання, якое IBRiS зрабіў на замову выдання. Такім чынам 82 % апытаных рэспандэнтаў мяркуюць, што Польшча мусіць звярнуцца па дапамогу да Еўрасаюза ў справе міграцыйнага крызісу. 54 % апытаных падтрымліваюць тактыку push back, то бок выштурхоўвання мігрантаў назад на тэрыторыю Беларусі, аднак траціна тых, хто ўдзельнічаў у даследаванні, супраць такіх метадаў. Таксама 60 % рэспандэнтаў падтрымліваюць думку, што мігранты, якія пасля перасячэння мяжы звярнуліся па міжнародную абарону, маюць права падаць заяўку на знаходжанне ў Польшчы ў статусе уцекача.
У даследаванні аб гуманітарнай дапамозе (таксама апублікаваным у Rzeczpospolita) рэспандэнты ахвотна пагадзіліся на гуманітарную дапамогу для мігрантаў, хоць у той жа час былі супраць таго, каб яны прыехалі ў Польшчу.
Выданне піша, што тэма мігранцкага крызісу турбуе грамадства. З аднаго боку людзі не хочуць бачыць мігрантаў з Усходу ў Польшчы, а з іншага — салідарныя з гуманітарнымі і маральнымі ўстаноўкамі.
вх