Францыя падпісала з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі кантракт на продаж 80 знішчальнікаў Rafale. Самалёты павінны быць пастаўлены ў 2027 годзе. Гэта найбуйнейшы кантракт для французскай ваеннай авіяцыі за апошнія 17 гадоў і самы вялікі на сённяшні дзень кантракт на куплю знішчальнікаў Rafale.
Кантракт быў падпісаны падчас візіту прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона ў Дубай. Акрамя 80 знішчальнікаў Rafale вытворчасці французскага канцэрна Dassault Aviation, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты таксама набылі 12 верталётаў Caracal. Кошт кантракту ацэньваецца ў 15 мільярдаў долараў. «Гэта важнае дасягненне ў стратэгічным партнёрстве паміж нашымі краінамі», – піша Елісейскі палац у прэс-рэлізе. Міністэрства нацыянальнай абароны Францыі заявіла, што гэта «гістарычны кантракт» і што супрацоўніцтва з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі «мацнейшае, чым калі-небудзь».
Абʼяднаныя Арабскія Эміраты – шостая краіна ў свеце, якая купіла французскія знішчальнікі. Раней Парыж прадаў самалёты Rafale уладам Катара, Індыі, Егіпта, Грэцыі і Харватыі.
ав