Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў даручыў ураду дыверсіфікаваць маршруты паставак нафты ў абыход Расійскай Федэрацыі. Усё пасля таго, як расійскі суд абавязаў Каспійскі трубаправодны кансорцыум прыпыніць працу на 30 дзён.
«Закрыццё трубаправода, які транспартуе нафту з велізарнага казахстанскага радовішча Тэнгіз праз Расію ў Чорнае мора, прывядзе да напружання нафтавага рынку падобна да адной з найгоршых праблем з пастаўкамі з часоў арабскага нафтавага эмбарга ў 1970-х гадах», – піша агенцтва Reuters.
Такаеў заявіў, што паляпшэнне партовай інфраструктуры на Каспійскім моры з'яўляецца «стратэгічнай задачай» урада Казахстана. Прыярытэтным напрамкам зʼяўляецца Транскаспійскі маршрут. «Казахстан ніколі не быў марской краінай і таму не ў поўнай меры выкарыстоўваў магчымасці марскога транспарту. Цяпер іншы час», – сказаў Такаеў.
Прэзідэнт Казахстана дадаў, што адпаведная ініцыятыва звязана з рашэннем расійскага суда спыніць на 30 дзён працу тэрмінала Каспійскага трубаправоднага кансорцыума, паколькі ён цалкам блакуе доступ казахстанскай нафты на еўрапейскі рынак праз Расійскую Федэрацыю.
Казахстан мае вялікія запасы нафты, але не мае выхаду да мора, за выключэннем Каспійскага. Нафту экспартуюць з Казахстана праз тэрмінал у Наварасійску на Чорным моры.
Як вядома, нядаўна паміж Расіяй і Казахстанам узніклі рознагалоссі з-за вайны ва Украіне. У прыватнасці, прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што наўрад ці прызнае незалежнасць так званых «ДНР» і «ЛНР».
ав