На выходных на латвійска-расійскай мяжы знік латвійскі вайсковы беспілотнік. У Мінабароны Латвіі не выключаюць, што ён упаў на расійскую тэрыторыю. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Каміль Залеўскі:
- Зніклы беспілотнік выкарыстоўваўся для назірання за вучэннямі, якія праходзяць ля латвійска-расійскай мяжы.Кіраўнік міністэрства Андрыс Спрудс заявіў сёння раніцай у эфіры латвійскага грамадскага тэлебачання, што ў адпаведнасці з міжнароднай практыкай беспілотнік павінен быць вернуты ў Латвію, але ён ведае, што Расія можа выкарыстоўваць яго ў прапагандысцкіх мэтах.
Пра здарэнне ўжо паведамілі ў Маскве. У міністэрстве таксама нагадалі, што ў сувязі з расійскай агрэсіяй ва Украіне ўжо шмат месяцаў вядзецца ўзмоцненае назіранне за межамі і паветранай прасторай Латвіі. Тым больш, што апошнія тыдні Латвія змагаецца з узмацненнем міграцыйнага ціску на свае межы з боку Беларусі. Службы краіны паведамілі, што за апошнія суткі вярнулі 74 нелегальных мігрантаў.
IAR/аз