Ва ўкраінскай арміі бачна недахоп кадраў, яна ўжо не такая баяздольная, як на пачатку вайны. Чарговы амерыканскі пакет дапамогі мае выключна тактычнае значэнне – заявіў у інтэрв'ю PAP галоўны рэдактар «Nowa Technika Wojskowa» Марыюш Цельма.
Апошні пакет вайсковай дапамогі, агучаны дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, як і папярэднія, можна назваць тактычным, які падтрымлівае баяздольнасць украінскай арміі. Гэта чарговыя партыі боепрыпасаў. Аднак пакет не з'яўляецца ані вялікім, ані наватарскім з пункту гледжання ўзбраення, падкрэсліў эксперт.
Цельма дадаў, што нельга не звярнуць увагу на тое, што найважнейшы саюзнік Украіны, ЗША, цяпер таксама павінен аказваць ваенную падтрымку Ізраілю. Больш за ўсё ўкраінцам патрэбныя артылерыйскія снарады калібру 155 мм, але пры гэтым амерыканцы пастаўляюць у Ізраіль цэлыя паддоны такіх боепрыпасаў. Таму стала відавочна, што палесціна-ізраільскі канфлікт мае ўскосны ўплыў на хаду вайны ва Украіне.
«Расійская армія таксама шмат у чым страціла свой даваенны імідж эфектыўнасці. Сёння ў яе таксама ёсць свае кадравыя праблемы, але ў цяперашні час яна ўсё яшчэ можа атрымаць лакальную перавагу. Прыкладам гэтага з'яўляюцца баі вакол Аўдзееўкі, дзе цяпер перавага ды ініцыятыва ў расіян», — адзначыў аналітык.
«Падобна на тое, што Аўдзееўка стане галоўнай падзеяй гэтай восені. З пункту гледжання расійскіх войск іх размяшчэнне ў гэтым рэгіёне выгаднае, таму што яны ўжо акружылі гэты горад з поўначы і поўдня. Відавочна, што яны хочуць завяршыць гэты год паспехам. Яны маюць намер паказаць, таксама і сусветнай грамадскасці, што яны ўсё яшчэ моцныя і што ўкраінскі наступ праваліўся», – падкрэсліў суразмоўца РАР.
Бліжэйшыя месяцы баявых дзеянняў будуць усё больш цяжкімі для Украіны ў кадравым плане, і неабавязкова для Расійскай Федэрацыі. Аналітык OSW таксама падкрэсліў, што трэба павольна забыць пра тое, што ўкраінцы вядуць наступ у Запарожскай вобласці.
РАР