У Расіі нарыхтоўваюць ракеты і беспілотнікі, каб нанесці серыю масавых удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны. Пра гэта кажуць украінскія ўлады і эксперты.
Верасень стаў рэкордным па колькасці выкарыстаных расійскім войскам беспілотнікаў «Шахед». На Украіну запусцілі амаль пяць тысяч. У кастрычніку расіяне выкарыстоўвалі гэтую зброю значна радзей — па некалькі БПЛА ў дзень. Аналагічная сітуацыя была і з ракетамі. Гэта можа быць зацішша перад бурай. Паводле прадстаўніка ўкраінскай вайсковай выведкі Андрэя Юсава, у ракетных атаках Расііі назіраецца прыкметная паўза. Гэта, дадае ён, азначае, што ракеты ашчаджаюць, а гэта ў сваю чаргу азначае, што арсенал гэтай зброі абавязкова будзе выкарыстаны.
Прадстаўнік украінскай выведкі падкрэслівае, што Расія, нягледзячы на санкцыі Захаду, захавала здольнасць вырабляць новыя ракеты і цяпер гэты патэнцыял нават большы, чым на пачатку поўнамаштабнай агрэсіі. Як піша сайт «Украінская праўда», штомесяц у Расіі могуць вырабляць каля 100 новых ракет вялікай далёкасці. У папярэдні асенне-зімовы перыяд Расія выпусціла каля 1000 ракет па ўкраінскіх аб'ектах - у першую чаргу энергетычнай інфраструктуры.
яс