Беларуская Служба

Politico: Венгрыя гатовая пайсці на кампраміс па фінансавай дапамозе Кіеву

09.01.2024 14:33
У практыцы гэта дало б Орбану магчымасць штогод блакаваць фінансаванне Украіны ЕС.
Viktor Orbn.
Viktor Orbán. Photo: PAP/AA/ABACA

Урад Віктара Орбана сігналізуе аб гатоўнасці пайсці на кампраміс адносна дапамогі ЕС Украіне ў памеры 50 мільярдаў еўра, паведамляе ў аўторак сайт «Politico». Умовай для таго, каб Будапешт зняў сваё вета па гэтым пытанні, з'яўляецца тое, што фінансаванне павінна падлягаць штогадоваму аналізу.

«У практыцы гэта дало б Орбану магчымасць штогод блакаваць фінансаванне Украіны ЕС або дамагацца саступак ад Бруселя ў абмен на адмову ад права вета», – абвясціў партал са спасылкай на трох дыпламатаў ЕС.

У сярэдзіне снежня Еўрапейская рада прыняла рашэнне аб пачатку перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС. Незадоўга да галасавання Орбан пакінуў залу паседжанняў. Аднак Венгрыя заблакавала атрыманне Украінай фінансавай падтрымкі ў памеры 50 мільярдаў еўра.

Будапешт даслаў кіраўніцтву ЕС план штогадовых аналізаў фінансавання. Ён прадугледжвае штогод пералічэнне Украіне 12,5 млрд еўра ў выглядзе грантаў і пазык, гэта значыць агулам 50 млрд еўра на працягу чатырох гадоў, як прадугледжвае прапанова Еўракамісіі.

«Хоць гэта не першы раз, калі Венгрыя агучвае гэтую ідэю, то гэта азначае значны адыход ад рыторыкі Орбана ў апошнія тыдні, калі прэмʼер-міністр Венгрыі выступаў супраць любых субсідый Украіне з бюджэту ЕС», – каментуе «Politico».

Як дадаў адзін з дыпламатаў ЕС, якога цытуе партал, рашэнне са штогадовым пераглядам рашэнняў не дасць Украіне адчування прадказальнасці.

Пазачарговы саміт ЕС, падчас якога краіны-члены прымуць рашэнне аб фінансавай дапамозе Кіеву, пройдзе 1 лютага.

ав