Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен пачынае пяцідзённую паездку па краінах Блізкага Ўсходу. Ён наведае Ізраіль, Егіпет, Катар і Саудаўскую Аравію. Прыярытэтам візіту будзе павелічэнне гуманітарнай дапамогі жыхарам Сектара Газа, заявіў у нядзелю дарадца ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван.
Саліван дадаў, што Блінкен таксама працягне дыпламатычныя намаганні па вызваленні ўсіх закладнікаў, якіх усё яшчэ ўтрымлівае ХАМАС.
Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі таксама працягне працаваць над прадухіленнем пашырэння канфлікту ў Газе, пры гэтым падкрэсліваючы, што ЗША будуць працаваць для абароны свайго персаналу і права на свабоду суднаходства ў Чырвоным моры, - гаворыцца ў паведамленні на сайце Дзярждэпартамента. Дадаецца, што дзяржсакратар таксама абмяркуе з палітыкамі з іншых краін, як усталяваць мір, які забяспечыць трывалую бяспеку як ізраільцянам, так і палесцінцам.
«Патрэбы палесцінскага народа - гэта тое, што будзе на першым месцы», - сказаў Саліван CBS у нядзелю. Ён дадаў, што ЗША лічаць неабходным заключыць пагадненне аб вызваленні астатніх закладнікаў, захопленых ХАМАС, і аб гуманітарным прыпыненні агню.
«Гэта ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі Злучаных Штатаў. Мы працягнем настойваць на гэтым», — падкрэсліў Саліван. «Для нас гэта найвышэйшы прыярытэт», — дадаў ён, адзначыўшы, што ізраільцяне прадставілі сваю прапанову і «мяч на баку ХАМАС».
Саліван таксама абвясціў, што Злучаныя Штаты маюць намер правесці далейшыя ўдары па пра-іранскіх групоўках на Блізкім Усходзе ў адказ на гібель трох амерыканскіх вайскоўцаў у Іярданіі. «Тое, што адбылося ў пятніцу (абстрэл ЗША аб'ектаў у Іраку і Сірыі - PAP), было толькі пачаткам (...), і мы зробім далейшыя крокі - некаторыя бачныя, некаторыя, магчыма, не», - сказаў Саліван у эфіры CBS. «Я б не назваў гэта адкрытай ваеннай кампаніяй», — дадаў ён.
PAP/юл