Міністр замежных спраў Венгрыі Пэтэр Сіярта сустрэўся ў пятніцу ў Турцыі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. У гэты ж дзень у Маскве прайшло пахаванне расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.
Сустрэча адбылася на палях дыпламатычнага форуму ў Анталіі, у якім таксама браў удзел прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан.
Сіярта паведаміў у Фэйсбуку, што вячэраў з расійскім калегам, апублікаваўшы пры гэтым кароткае відэа. З пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну міністр замежных спраў Венгрыі шмат разоў сустракаўся з Сяргеем Лаўровым па розных нагодах. Міністр замежных спраў Венгрыі за гэты час ні разу асабіста не зʼявіўся ў Кіеве.
Як падкрэсліваюць венгерскія СМІ, МЗС Венгрыі пакуль ніяк не адрэагавала на смерць Навальнага, які памёр 16 лютага ў калоніі.
Больш за тое, еўрадэпутаты ад партыі Віктара Орбана ўстрымаліся ад галасавання, калі Еўрапарламент прымаў рэзалюцыю па смерці расійскага апазіцыянера.
У панядзелак падчас адкрыцця вясновай сесіі венгерскага парламента прадстаўнік апазіцыі ініцыяваў хвіліну маўчання з мэтай ушанавання памяці Аляксея Навальнага, але дэпутаты кіруючай кааліцыі Фідэс- Хрысціянска-дэмакратычнай народнай партыі не падняліся са сваіх крэслаў.
Прэм’ер Віктар Орбан тады патлумачыў, што «шавініст не заслугоўвае павагі ў венгерскім парламенце».
PAP/аз