Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль заявіў, што міністры замежных справаў Еўрасаюзу на сустрэчы разгледзяць магчымасць павелічэння Еўрапейскага фонду міру на 5 мільярдаў еўра для падтрымкі Украіны і выкарыстання прыбыткаў ад замарожаных расійскіх актываў.
- Я спадзяюся, што сёння мы нарэшце прымем важныя рашэнні. Першае – гэта ўкраінскі фонд падтрымкі з папаўненнем для Еўрапейскага фонду міру ў памеры 5 мільярдаў еўра, пра што гавораць тыднямі. Спадзяюся, што міністры сёння гэта абавязкова зацвердзяць.
Жазэп Барэль таксама сказаў, што спадзяецца на палітычную дамоўленасць міністраў аб выкарыстанні даходаў ад замарожаных актываў РФ для падтрымкі Украіны, у прыватнасці, для павелічэння магчымасцяў фінансавання ўкраінскай абароны.
-Я спадзяюся, што сёння будзе дасягнута палітычнае пагадненне, каб нарэшце перайсці да дзеянняў па гэтым пытанні, – дадаў Барэль.
Таксама міністры маюць намер прыняць санкцыі ў сувязі са смерцю расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.
Барэль паведаміў, што міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прымуць удзел у сустрэчы дыстанцыйна.
13 сакавіка пастаянныя прадстаўнікі краін ЕС падтрымалі павелічэнне на 5 мільярдаў еўра Еўрапейскага фонду міру, які фінансуе пастаўкі зброі ва Украіну.
Раней СМІ паведамлялі, што Еўракамісія рыхтуецца вылучыць прапанову аб канфіскацыі мільярдаў еўра прыбыткаў, атрыманых ад замарожаных у Еўропе суверэнных актываў Расіі, у падтрымку Украіны.
ав