Беларуская Служба

Навукоўцы выявілі прычыны хваробы куру сярод жыхароў Папуа-Новай Гвінеіі – справа ў рытуальным канібалізме

21.03.2024 16:09
Эпідэмія прыённай хваробы, выкліканая рытуальным спажываннем целаў памерлых супляменнікаў, найперш закранула жанчын і дзяцей.
Аўдыё

Але некаторыя жанчыны былі ўстойлівымі да хваробы, паведамляе «The American Journal of Human Genetics».

Нагор'е Папуа-Новай Гвінеі вельмі складанае для праходжання – высокія горы, пакрытыя джунглямі. Асобныя даліны, дзе жывуць людзі, ізаляваны адна ад адной, што прывяло да стварэння вельмі розных папуляцый на невялікай тэрыторыі.

Народ Фор, які да сярэдзіны ХХ-га стагоддзя быў адносна ізаляваны ад астатняга свету ў правінцыі Усходняе Нагорʼе, меў традыцыю памінальных застолляў, падчас якіх яны елі целы сваіх памерлых блізкіх у знак павагі.

Аднак сярод удзельнікаў гэтых памінак распаўсюджвалася смяротная хвароба пад назвай «куру».

Куру выклікана прыёнамі – анамальнымі бялкамі, якія скажаюць нармальныя бялкі паводле свайго віду. Падчас традыцыйных пахавальных практык жанчыны і дзеці атрымлівалі мазгі, якія змяшчаюць больш за ўсё прыёнаў. Праз гады ў гэтых людзей выяўлялася хвароба, якая вяла да страты рухальнай каардынацыі і раўнавагі, а затым да сутаргаў цела і смерці. У разгар эпідэміі ў некаторых вёсках значна скарацілася колькасць жанчын.

Як паказвае сучаснае генетычнае даследаванне, эпідэмія куру, верагодна, прывяла да міграцыі жанчын у гэтых раёнах.

У самым поўным на сённяшні дзень генетычным даследаванні людзей, якія жывуць ва ўсходнім нагорʼі Папуа-Новай Гвінеі, мясцовыя даследчыкі і навукоўцы Вялікабрытаніі выявілі складаную структуру насельніцтва і схемы міграцыі ў рэгіёне.

«Мы перамяшчаліся па адным з самых складаных ландшафтаў з пункту гледзішча геаграфічнай, культурнай і моўнай разнастайнасці і падрыхтавалі аснову для будучай працы ў галіне генетычнай эпідэміялогіі», – сказаў Ліам Куін, першы аўтар артыкула з Універсітэцкага каледжа Лондана і Капенгагенскага ўніверсітэта.

«З павагі да гэтых супольнасцяў мы не выкарыстоўваем слова «канібалізм» для апісання гэтай практыкі, а замест гэтага называем яе пахавальнымі святамі або антрапафагічнай пахавальнай практыкай», – кажа суаўтар артыкула Сайман Мід з аддзела прыёнаў Савета медыцынскіх даследаванняў Вялікабрытаніі ва Універсітэцкім каледжы Лондана.

«Навукоўцы меркавалі, што кожны, хто прысутнічаў на памінальным балі і зʼеў заражаную мазгавую тканіну, памрэ ад куру, – адзначыў Мід. – Але гэта было няпраўдай. Калі палявая група з Інстытута медыцынскіх даследаванняў Папуа-Новай Гвінеі (PNGIMR) апытала пажылых людзей сярод пацярпелага насельніцтва было ясна, што былі людзі, якія наведвалі шмат памінальных баляў і ўсё ж выжылі».

Эпідэмія куру пайшла на спад праз дзесяцігоддзі пасля таго, як у 1950-х гадах былі забароненыя антрапафагічныя пахавальныя практыкі. Тым не менш, даследчыкі па-ранейшаму цікавіліся хваробай, асабліва тым, як жылі некаторыя людзі пасля ўдзелу ў гэтых памінальных святах.

Куру – гэта разнавіднасць прыённай хваробы, падобная да губчатай энцэфалапатыі буйной рагатай жывёлы – шырока вядомай як каровіна шаленства, і яе разнавіднасці – хваробы Кройцфельда-Якаба, на якую  пакутуюць людзі пасля спажывання заражанай ялавічыны, асабліва ў Вялікабрытаніі.

Невылечныя і смяротныя захворванні выклікае змена формы звычайнага прыённага бялку ў арганізме. Навукоўцы шукаюць спосаб абараніць людзей ад гэтага.

Папярэднія генетычныя даследаванні сярод народнасці Фор паказалі, што некаторыя пажылыя жанчыны, якія перажылі падобныя рытуальныя застоллі, мелі генетычныя варыянты гена, які кадуе прыённыя бялкі, што, верагодна, зрабіла іх устойлівымі да хваробы куру.

«Мы знайшлі доказы таго, што папуляцыя Фор эвалюцыянавала, каб абараніць сябе ад эпідэміі куру, але ў мінулым гэты рэгіён быў слаба даследаваны, таму мы не маглі зрабіць цвёрдыя высновы аб эвалюцыі без глыбейшых ведаў наконт генетыкі папуляцыі», – сказаў Мід.

PNGIMR набраў палявых супрацоўнікаў з пацярпелых і суседніх груп насельніцтва для збору генетычных узораў, якія затым былі прааналізаваны з дапамогай прафесара Саймана Міда і яго калег у Лондане і Капенгагене.

Яны прааналізавалі генетычныя дадзеныя 943 чалавек з 68 вёсак, якія прадстаўляюць 21 лінгвістычную групу ва ўсходніх нагорʼях Папуа-Новай Гвінеі. Гэта была найбольшая колькасць узораў, калі-небудзь сабраных у рэгіёне. Збор дадзеных быў падтрыманы глыбокім этнаграфічным даследаваннем традыцыйных пахавальных абрадаў і вуснай гісторыі рэгіёна, пацярпелага ад куру.

«Гэты ўзровень выбаркі забяспечвае раздзяленне ў залежнасці ад вобласці, якое не было дасягнута раней у даследаваннях. Гэты набор дадзеных дазволіў нам упершыню задаць некалькі пытанняў аб паходжанні і ўзаемасувязях гэтых суполак, якія традыцыйна не мелі зафіксаванай гісторыі, і даследаваць, як яны развіваліся ў прасторы і цягам доўгага часу», – сказаў Куін.

Каманда выкарыстала агульнагеномныя дадзеныя з усіх узораў і параўнала геномы людзей з розных вёсак і моўных груп як у межах Усходняга нагорʼя, так і за яго межамі. Яны выявілі дзіўна вялікую генетычную адлегласць паміж некаторымі моўнымі групамі ў рэгіёне. Навукоўцы выказалі здагадку, што гэтаму спрыяла складаная мясцовасць, дзе ёсць горы і хуткаплынныя рэкі. Напрыклад, групы моў Анга і Фор былі падзеленыя толькі хуткаплыннай ракой, але генетычна яны адрозніваліся больш, чым насельніцтва Вялікабрытаніі ад насельніцтва Шры-Ланкі.

Акрамя таго, даследчыкі выявілі вялікі прыток жанчын, якія мігравалі ў заражаныя куру рэгіёны на працягу многіх гадоў, аспрэчваючы ідэю аб тым, што групы, заражаныя куру, былі ізаляваны ад суседніх абшчын і выключаны з шлюбнага абмену.

Папуасы меркавалі, што хвароба выклікана вядзьмарствам, таму ізаляцыя не прынясе карысці.

Навукоўцы лічаць, што вельмі важна разумець генетычныя адрозненні і адрозненні, выкліканыя міграцыяй.

«Гэта наступны крок у нашых доўгатэрміновых даследаваннях па высвятленні таго, як людзі Фор і іх суседзі перажылі куру. Гэта таксама важны набор дадзеных, які дапаможа нам лепш зразумець гісторыю чалавецтва, бо нашы веды аб папуляцыях у рэгіёне абмежаваныя», – сказаў Сайман Мід з аддзела прыёнаў Савета медыцынскіх даследаванняў Вялікабрытаніі ва Універсітэцкім каледжы Лондана.



PAP/вх