Беларуская Служба

Як вучацца і праводзяць свабодны ад вучобы час беларускія студэнты ў Польшчы

06.09.2025 07:00
З польскай мовай праблем не было.
Аўдыё
  • Як вучацца і праводзяць канікулы беларускія студэнты ў Польшчы.
 :       .
Ілюстрацыйны здымак: Базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Гнезне. Фота Паўла Залескага

Беларускія студэнты часта выбіраюць польскія ўніверсітэты. Аляксей і Савелій скончылі першы курс і расказалі, як даюцца іспыты, ці складана вучыцца на польскай мове, якія магчымасці даюць стыпендыі і чым жывуць студэнты падчас вакацый.

Вучоба даецца па-рознаму, але вельмі цікава

Аляксей і Савелій — студэнты, сёлета скончылі першы курс. Аляксей — будучы лінгвіст, Савелій вучыцца на факультэце біяінфарматыкі. Першае, пра што запытаўся ў хлопцаў, — ці цяжкім быў першы навучальны год за мяжой.
Аляксей адразу адказаў, што ён вялікіх цяжкасцяў не меў.

— Мы вывучаем англійскую і нямецкую мову. Нямецкай у мяне не было ў школе, але я пачаў яе вывучаць самастойна і меў ужо прыкладна ўзровень А1–А2, а таму было не цяжка распачынаць яе вывучэнне ва ўніверсітэце. Англійская мова ў мяне была на ўзроўні С1, таму першы курс быў нескладаны.

Савелій, слухаючы сябра, усміхаецца: ягоная сітуацыя выглядала інакш.

— Наогул я сказаў бы, што было даволі цяжка, паколькі я навучаюся на інжынернай спецыяльнасці. Там шмат матэматыкі, інфарматыкі. Я сам вучыўся ў класе з ухілам на хімію і біялогію, а таму ўсе прадметы, якія тут былі з гэтым звязаныя, мне даваліся проста. Фактычна на першым курсе праграма падобная да той, што была ў нас у гімназіі ў 10–11 класах. Але ўсё астатняе — трэба было шмат сядзець, шмат вучыцца. У той самы час былі свае плюсы, бо другая летняя сесія — яе практычна не было, усё паздаваў падчас заняткаў. Так, было цяжка, але атрымаў ад гэтага задавальненне.

З польскай мовай праблемаў не мелі

Цікаўлюся ў хлопцаў, ці складана было прызвычайвацца да навучання на польскай мове.

Аляксей: Польская мова вельмі падобная з фанетычнага пункту погляду на беларускую, і гэта дапамагае многім беларусам. Я б сказаў, што асабіста для мяне яна не была складанай.

Савелій: Для мяне было наогул дзіўна, бо здаецца, што вучыцца на польскай лягчэй, бо яна простая для разумення. Шмат тэрмінаў падобныя, за выключэннем матэматыкі. Для мяне не было праблем вучыцца на польскай, бо мая мама — полька, і я чуў гэтую мову дома з дзяцінства.

Пакуль толькі вучымся, не зарабляем

Пытаюся, чым хлопцы займаюцца падчас канікул, ці не пайшлі некуды працаваць.

Аляксей: Я працягваю вывучаць нямецкую — гэта галоўная мова для мяне цяпер, бо ў чацвёртым семестры збіраюся ехаць у Нямеччыну і хацеў бы да гэтага часу мець прынамсі ўзровень В1–В2. Што датычыцца працы і за што жыву, то я тут з бацькамі, яны працуюць і дапамагаюць мне.

Савелій: А я пакрыху гляджу, што будзе на наступным семестры, бо ёсць некаторыя цяжкія прадметы, якія хацелася б паглядзець загадзя. Таксама навучаюся новай прафесіі — 3D-дызайнера, хаджу на курсы. Пакрыху шукаю працу, але пакуль складана знайсці — своечасова гэтым не заняўся. У мяне ёсць дакладная мэта, дзе я хачу працаваць. Я ў Беларусі працаваў барыста і тут хацеў бы таксама, бо вельмі люблю працаваць з кавай. Але падчас самага сезону цяжка знайсці вольную пляцоўку, таму пад канец вакацый праца знойдзецца, тым больш што я хачу працаваць падчас навучання.

Многія студэнты працуюць

— А наогул студэнты ў Польшчы ў большасці працуюць ці гэта рэдкая з’ява?

Савелій: Працуюць. І вельмі файна тое, што ім не трэба плаціць падаткі. І нават працадаўцы вельмі задаволеныя, калі да іх на працу прыходзяць студэнты, бо і яны за іх не плацяць падаткаў.

— А як пражыць студэнту, калі ў яго няма стыпендыі?

Аляксей: Цяжка сказаць. Бо ў мяне стыпендыя ёсць, і я яшчэ жыву з бацькамі, якія дапамагаюць. Гэта, відаць, у кожным канкрэтным выпадку па-свойму.

Многае залежыць ад таго, якую маеш стыпендыю

— А што можа дазволіць сабе студэнт на стыпендыю, якую атрымлівае? Ці можа аплаціць кватэру, калі няма інтэрната, і яшчэ жыць?

Савелій: Залежыць, якая ў яго стыпендыя. Ёсць тры віды стыпендый. Рэктарская стыпендыя, якую можна атрымліваць за добрую вучобу, але яе на першым курсе няма. Сацыяльную стыпендыю можна атрымаць, калі твая сям’я мае даход ніжэйшы за мінімальны ў Польшчы. Але для гэтага трэба мець польскае паходжанне, альбо сертыфікат С1, альбо сталы побыт. Рэктарская стыпендыя складае каля 900 злотых, а сацыяльная залежыць ад даходаў тваёй сям’і — ад 1200 да 2000 злотых. Ёсць яшчэ стыпендыя ад НАВА — гэта для людзей з польскім паходжаннем. Калі ты маеш карту паляка альбо іншы падобны дакумент. Гэтая стыпендыя — 1800 злотых. Я ведаю людзей, якія атрымлівалі дзве стыпендыі: сацыяльную і ад НАВА. Гэта складала тры тысячы злотых.

Жыць і вучыцца тут цікава

— Наколькі цікавае студэнцкае жыццё ў Польшчы?

Аляксей: Для мяне вельмі цікава. Найбольш цікавая рэч — вучоба. Я вывучаю мовы, і для мяне гэта найцікавейшая рэч на свеце. Таксама тут ёсць шмат мясцін, куды можна схадзіць з аднагрупнікамі і правесці вольны час. Але мне найбольш падабаецца вучыцца.

Савелій: У інжынераў бывае па-рознаму. Мне таксама падабаецца вучоба, але яна даецца даволі цяжка, і часам проста хочацца адпачыць. І гэта даволі файна атрымліваецца, бо Познань — горад студэнцкі, шмат месцаў, куды можна пайсці з сябрамі. У нашай Палітэхніцы ёсць свой кампус, дзе амаль заўсёды ёсць рух. Ад сесіі да сесіі студэнты жывуць весела, і мне гэта падабаецца.

Абодва хлопцы кажуць, што гэтым летам нікуды на адпачынак не выязджаюць, але ад гэтага не хвалююцца, бо ўсё яшчэ наперадзе.

Размаўляў Павел Залескі