Беларуская Служба

Удар па ДнепраГЭС: Украіну чакае «ракетны» працяг – брытанская разведка

22.03.2024 17:14
Расія будзе біць па ўкраінскіх аб'ектах так моцна, як толькі зможа.
     .
Расія нанесла масіраваныя ўдары па Украіне.Фота: PAP/EPA/STATE EMERGENCY SERVICE HANDOUT

Расійская Федэрацыя, якая развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны і сёння патрапіла па крытычным абʼекце ДнепраГЭС, працягне наносіць ракетныя ўдары. Пра гэта паведамляе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў сетцы X (Twitter), спасылаючыся на дадзеныя разведкі. Там патлумачылі, чаму да гэтага ўкраінцы назіралі амаль месячную паўзу ў абстрэлах.

«Цалкам магчыма, што месячная паўза па нанясенні ўдараў з авіяцыі далёкага радыусу дзеяння была абумоўлена рамонтам і пытаннямі планавання. Верагодна, што санкцыі абмежавалі магчымасці Расіі ў доступе да ключавых кампанентаў як да самалётаў, так і ракет», – гаворыцца ў паведамленні.

У той жа час пастаянныя поспехі ўкраінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны таксама, верагодна, ускладнілі планаванне расійскіх удараў.

«Амаль напэўна, што Расія працягне наносіць удары па крытычных абʼектах, наколькі гэта дазволяць яе самалёты, экіпажы і запасы ўзбраення, са спробай захоўваць ціск на ўкраінскі ўрад і насельніцтва дзякуючы сваім дыстанцыйным ударным магчымасцям», – адзначаецца ў паведамленні.

Разведка адзначае, што гэта зʼяўляецца сімптомам зацяжной кампаніі, паколькі тактычная авіяцыя (знішчальнікі і верталёты) працягваюць ствараць абмежаваны ўплыў на агульны ход вайны.

Нагадаем, раніцай 21 сакавіка расійскія акупанты нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Кіеве. Украінскія сілы СПА збілі ўсе ракеты, але з-за падзення абломкаў у некалькіх раёнах сталіцы былі пашкоджанні і пацярпелі цывільныя. Сёння ракетны тэрор ворага працягнуўся – раніцай Расія запусціла 151 паветраную цэль, каб разбурыць энергаабʼекты Украіны. Адна патрапіла па Дняпроўскай ГЭС, там успыхнуў пажар. Ёсць загінулыя і параненыя.

УНІАН

нг