Беларуская Служба

У Грузіі працягваюцца пратэсты студэнтаў

21.05.2024 17:03
У Грузіі ўсё больш моладзі бярэ ўдзел у вулічных дэманстрацыях.
Ілюстрацыйнае фотаScreenshot z Youtube/Euronews

Акрамя студэнтаў, супраць урадавага закону аб «замежных агентах» пратэстуюць і сёлетнія выпускнікі ліцэяў.

Закон, які прасоўвае кіруючая кааліцыя «Грузінская мара», зроблены на ўзор расійскага рэпрэсіўнага заканадаўства. Заходнія палітыкі раскрытыкавалі дакумент і пагражаюць затармазіць працэс інтэграцыі Грузіі ў Еўрасаюз.

Гісторык і палітолаг доктар Лукаш Адамскі ў інтэрв'ю Польскаму радыё нагадаў, што Грузія знаходзіцца ў рэгіёне, дзе сутыкаюцца ўплывы Расіі, Турэччыны і Захаду. На ягоную думку, сітуацыя ў Грузіі, хоць і цікавіць заходнюю грамадскую думку, але значна менш, чым падзеі ва Украіне ці на Блізкім Усходзе.

«Я хацеў бы быць аптымістам, але я гляджу даволі песімістычна, калі гаворка ідзе пра здольнасць Захаду ўплываць на Грузію і грузінаў», - сказаў Лукаш Адамскі.

Палітолаг падкрэсліў, што, на яго думку, самі грузіны павінны арганізаваць сваю краіну так, каб праеўрапейскі курс нікім не ставіўся пад сумнеў.

Законапраект, які абмяжоўвае правы няўрадавых арганізацый, наклала вета прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Кіруючая партыя «Грузінская мара» заявіла, што вета будзе адхілена.

ПР/юл