На прэс-канферэнцыі ў горадзе Хемніц паліцыя пацвердзіла, што цела, знойдзенае напярэдадні ў лесе каля Дэбельна ў Саксоніі, належыць зніклай без вестак 9-гадовай украінцы Валерыі, якую шукалі з 3 чэрвеня пасля таго, як яна пайшла ў школу і знікла.
«Валерыя стала ахвярай злачынства. Мы расследуем гэта як забойства», – заявіў кіраўнік паліцыі Карстэн Кемпф.
У паліцыі паведамілі, што цела знайшлі ўдалечыні ад дарожак, у цяжкадаступнай мясцовасці з нізкарослай расліннасцю. Следчыя мяркуюць, што гэта было месца забойства.
Цела было даследавана ў Лейпцыгскім інстытуце крымінальнага вышуку.
«Пасля расследавання і ўскрыцця не было выяўлена ніякіх прыкмет таго, што дзяўчына была ахвярай сексуальнага гвалту», – заявіла старшы пракурор Хемніца Інгрыд Бургарт.
За апошнія дні праваахоўнікі, задзейнічаныя ў вышуку, апыталі каля 400 грамадзян раёна, праверылі месцазнаходжанне асобаў, якія раней здзяйснялі злачынствы сексуальнага характару.
Падазраваных пакуль няма.
«Цяпер наша расследаванне сканцэнтравана на блізкім коле знаёмстваў сям'і», – сказаў пракурор.
Сямʼя дзяўчынкі з Днепрапятроўскай вобласці, Валерыя з 2022 года жыла ў Германіі з маці. Яе бацькі ў разводзе, бацька служыць у сілах абароны Украіны.
Аб знікненні Валерыі заявіла яе маці пасля таго, як дзяўчынка не вярнулася дадому ў звычайны час. Праваахоўнікі распачалі праверку супраць школы, якая са спазненнем паведаміла пра адсутнасць дзяўчынкі на занятках.
Нагадаем, 11 чэрвеня ў нямецкім горадзе Франкфурт-на-Майне 41-гадовая ўкраінка пацярпела ў выніку нападу на яе з нажом афганца.
У сакавіку ў Германіі адбылося гучнае забойства маладой украінкі і яе маці. Мяркуецца, што яно было здзейснена з мэтай выкрадання дзіцяці.
pravda.com.ua/Bild/вх