Беларуская Служба

Амаль 1,4 мільёна мігрантаў са 177 краін спрабавалі трапіць у ЗША праз Мексіку за пяць месяцаў

17.06.2024 07:59
Паводле даных урада ЗША, у 2023 годзе больш за 2,4 мільёна чалавек нелегальна перасеклі мяжу паміж Мексікай і ЗША.
Ілюстрацыйнае фотаshutterstock/Sean Aidan Calderbank

Амаль 1,4 мільёна мігрантаў са 177 краін на пяці кантынентах праехалі праз Мексіку са студзеня па травень – абвясціў у нядзелю Мексіканскі нацыянальны інстытут міграцыі (INM). Гэтыя людзі спрабавалі трапіць у ЗША.

У заяве INM паведамляе, што ў гэты перыяд было зафіксавана 1 393 683 іншаземцы, якія нерэгулярна падарожнічалі праз Мексіку. З іх – больш за 2,9 тысячы былі дзецьмі, якія падарожнічаюць у адзіночку.

Мігранты прыбылі са 177 краін, гэта значыць практычна з усіх краін свету, – падкрэсліла агенцтва AFP, нагадаўшы, што 193 краіны ўваходзяць у ААН.

Найбольш, звыш 377 тысяч мігрантаў, прыбылі з Венесуэлы, якая знаходзіцца ў эканамічным і гуманітарным крызісе. Таксама было зафіксавана больш за 100 тысяч чалавек з Гватэмалы, Гандураса, Эквадора і Гаіці – краін, дзе мае месца жорсткі бандыцкі гвалт.

INM таксама пералічыў мігрантаў з іншых краін, у тым ліку Калумбіі, Сальвадора, Нікарагуа, Перу, Кубы, Сенегала, Гвінеі, Дамініканскай Рэспублікі, Кітая, Бразіліі, Маўрытаніі, Індыі і Анголы.

Паводле даных урада ЗША, у 2023 годзе больш за 2,4 мільёна чалавек нелегальна перасеклі мяжу паміж Мексікай і ЗША. На піку ў снежні таго ж года было зафіксавана ў сярэднім 10 000 такіх перамяшчэнняў за дзень. З тых часоў абедзве краіны ўвялі абмежаванні.

У пачатку чэрвеня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыпыніў магчымасць прасіць прытулку для мігрантаў, якія незаконна перасякаюць паўднёвую мяжу яго краіны, што павінна палегчыць іх дэпартацыю. Байдэн таксама абвясціў, што гэта часовыя меры ў адказ на міграцыйны крызіс.

PAP/вх