Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Упершыню ўдалося ідэнтыфікаваць палякаў, забітых УПА ў 1945 г.

10.07.2026 12:10
Наступны этап пошукаў другой ямы смерці ў Пужніках, верагодна, пачнецца ў канцы жніўня.
Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Марта ЦенкоўскаPAP/Piotr Nowak

Восем чалавек, забітых падчас Валынскай разні, былі ідэнтыфікаваныя, паведаміла Польскаму радыё міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Марта Ценкоўска.

Гэта першы выпадак, калі былі ўстаноўлены асобы забітых украінскімі нацыяналістамі. Гэта палякі – дарослыя і дзеці — якія былі забітыя падраздзяленнем Украінскай паўстанцкай арміі ў лютым 1945 года ў Пужніках Тарнопальскай вобласці. Тады было забіта каля 80 чалавек.

Дзякуючы намаганням Фонду «Свабода і дэмакратыя» і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны на сённяшні дзень знойдзены і эксгумаваны парэшткі больш за 40 чалавек.

У інтэрв'ю Польскаму радыё міністр Марта Ценкоўска заявіла, што ідэнтыфікацыя забітых палякаў мае вялікае значэнне.

— Я вельмі рада, што нам удалося зрабіць гэта ўпершыню ў гісторыі. Ідэнтыфікацыя ахвяр стала магчымай дзякуючы выкарыстанню генетычнага тэставання, якое прадугледжвала параўнанне ўзораў ДНК знойдзеных парэшткаў з узорамі ДНК сваякоў забітых.

Марта Ценкоўская таксама заявіла, што «не лічыць гэта поспехам, а хутчэй гістарычнай справядлівасцю і выкананнем абавязку перад людзьмі, якія чакалі больш за 80 гадоў, каб запаліць свечку на магілах сваіх блізкіх».

Міністр культуры дадала, што пошук і ідэнтыфікацыя ахвяр украінскіх нацыяналістаў сталі магчымымі дзякуючы супрацоўніцтву экспертаў шматлікіх устаноў і саміх украінцаў.

Ценкоўская таксама запэўніла, што восем ідэнтыфікаваных асоб — гэта толькі пачатак працэсу ідэнтыфікацыі ахвяр Валынскай разні.

Мацей Данцэвіч, віцэ-прэзідэнт Фонду «Свабода і дэмакратыя», таксама падкрэсліў выключнае значэнне гэтай падзеі.

— Ніколі раней, ні падчас эксгумацыі ахвяр Катынскага расстрэлу, ні Валынскай разні, не ўдавалася вызначыць асобу па знойдзеных парэштках. Гэта таксама неабвержны доказ, які сведчыць аб тым, што знойдзеныя парэшткі належалі палякам, забітым УПА. Нарэшце, для родных забітых, якія чакалі выяўлення і ідэнтыфікацыі сваіх маці, бацькоў, бабуль і дзядуль, завяршаецца этап, які доўжыўся больш за 80 гадоў.

Пасведчанні аб ідэнтыфікацыі будуць уручаны нашчадкам васьмі ідэнтыфікаваных ахвяр УПА ў Пужніках у панядзелак (13 ліпеня) падчас цырымоніі ў Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны.

Наступны этап пошукаў другой ямы смерці ў Пужніках, верагодна, пачнецца ў канцы жніўня. Мэтай будзе знайсці астатніх прыблізна 40 чалавек, забітых у 1945 годзе.

Усяго на Валыні і ва Усходняй Галіцыі з 1943 па 1945 год украінскія нацыяналісты забілі каля ста тысяч палякаў, большасць з якіх дагэтуль ляжаць у безыменных ямах смерці.

IAR/яс