Беларуская Служба

ЕC адобрыў 14-ы пакет санкцый супраць Расіі

24.06.2024 18:44
«Гэтыя захады накіраваны на тое, каб нацэліцца на такія каштоўныя сектары расійскай эканомікі, як энергетыка, фінансы і гандаль, і яшчэ больш ускладніць абыход санкцый ЕС», – тлумачыцца ў прэс-рэлізе.
Ілюстрацыя Фота: Fabrizio Maffei/ Shutterstock

Савет ЕС канчаткова адобрыў 14-ы пакет санкцый, уведзеных супраць Расіі за яе вайсковую агрэсію супраць Украіны. Новыя абмежавальныя захады і спісы будуць афіцыйна апублікаваны ў бліжэйшы час.

«Гэтыя захады накіраваны на тое, каб нацэліцца на такія каштоўныя сектары расійскай эканомікі, як энергетыка, фінансы і гандаль, і яшчэ больш ускладніць абыход санкцый ЕС», – тлумачыцца ў прэс-рэлізе.

Адзін з галоўных пунктаў новага пакета санкцый датычыцца расійскага звадкаванага прыроднага газу, з гэтага часу расійскі ЗПГ, прызначаны для трэціх краін, нельга рээкспартаваць праз еўрапейскія парты. Аднак забарона на пастаўкі ЗПГ з РФ у самі краіны ЕС не ўведзена. Санкцыі абвешчаныя і супраць 27 танкераў так званага расійскага ценявога флоту.

Акрамя таго, пашыраная забарона датычыцца палітычных партый, фондаў, няўрадавых арганізацый, у тым ліку пастаўшчыкоў медыяпаслуг у ЕС, і авіяпералётаў, у тым ліку прыватных рэйсаў, калі тыя здзяйсняюцца ў інтарэсах расійскіх фізічных або юрыдычных асоб.

ЕС таксама ўвёў санкцыі ў дачыненні да 55 фізічных і 61 юрыдычнай асобы. Юрыдычныя асобы або кампаніі ўнесены ў спіс за іх прамую падтрымку расійскага ваенна-прамысловага комплексу, размова ідзе і аб кампаніях з трэціх краін – Кітая, Турцыі, Казахстана, Кыргызстана і ААЭ.

pap/dw/эж

 

Новы пакет пашырае меры барацьбы з абыходам санкцый: пастаўкі тавараў падвойнага прызначэння ў трэція краіны будуць кантралявацца больш жорстка. Кампаніі ў ЕС абавязалі асабіста сачыць за тым, каб іх даччыныя фірмы ў трэціх краінах не ўдзельнічалі ў дзеяннях, якія могуць быць скарыстаныя для абыходу штрафных мер.

 

Акрамя таго, аператары з ЕС, якія перадаюць прамысловае ноу-хау для вытворчасці «баявых тавараў» камерцыйным партнёрам з трэціх краін, павінны будуць уключыць дагаворныя палажэнні, каб гарантаваць, што такое ноу-хау не будзе выкарыстоўвацца для тавараў, прызначаных для Расіі.