Прывабныя ўмовы для інвестараў у Польшчы, развіццё інфраструктуры і стабільныя дзяржаўныя інстытуты – гэта самае важнае пасланне прэзідэнта Анджэя Дуды ўдзельнікам 15-га штогадовага Летняга Сусветнага эканамічнага форуму ў кітайскім Даляні. Галоўная тэма гэтай сустрэчы: «Наступныя межы росту».
У мерапрыемстве бяруць удзел больш за 1,5 тыс. палітыкаў, прадстаўнікоў бізнесу, урадаў, міжнародных арганізацый, грамадзянскай супольнасці і навукоўцаў. Анджэй Дуда казаў пра развіццё Польшчы і магчымасці, якія адкрываюцца замежным інвестарам.
На думку прэзідэнта, эканамічнае развіццё Польшчы магчымае дзякуючы выхаду з камандна-адміністрацыйнай эканомікі і пераходу на прынцыпы свабоднага гандлю, а таксама пабудове эфектыўных і стабільных дзяржаўных інстытутаў. Ён адзначыў інтэграцыю з ЕС, амбіцыі, крэатыўнасць, працавітасць і паслядоўнасць у дзеяннях палякаў.
«Наша эканоміка змагла скарыстацца гэтымі перавагамі. Эканамісты сыходзяцца ў меркаванні, што ўзровень дабрабыту краін у асноўным залежыць ад інавацый і інвестыцый у чалавечы капітал», – сцвярджаў ён.
Як адзначыў Анджэй Дуда, рост дабрабыту дзяржавы ператварыўся ў лепшы ўзровень жыцця ўсіх грамадзян, і Польшча стала краінай вельмі нізкай няроўнасці ў даходах з мінімальным эканамічным расслаеннем у асобных рэгіёнах краіны. Ён адзначыў, што праблема адсутнасці працы ў Польшчы практычна знікла, а беспрацоўе ўпала да аднаго з самых нізкіх паказчыкаў сярод краін ЕС і склала ў канцы мінулага года 2,7 працэнта.
Анджэй Дуда параўнаў развіццё Польшчы ў Еўропе з дасягненнем Кітаю ў свеце за апошнія дзесяцігоддзі. Як ён адзначыў, Кітай стаў адным з сусветных лідараў.
ав