Беларуская Служба

Французская паліцыя затрымала неанацыста, які пагражаў здзейсніць атакі на алімпіядзе ў Парыжы

17.07.2024 17:46
Антытэрарыстычныя службы высачылі неанацыста праз сацыяльныя сеткі.
      26
Летнія алімпійскія гульні ў Парыжы пачнуцца 26 ліпеняSvet foto/shutterstock

Французская паліцыя затрымала неанацыста, які пагражаў здзейсніць напады падчас летняй Алімпіяды ў Парыжы. 20-гадовага хлопца затрымалі на паўночным усходзе краіны, у Кольмары.

Антытэрарыстычныя службы высачылі неанацыста праз сацыяльныя сеткі, паведамляе штодзёнка Le Parisien. 20-гадовы хлопец быў адміністратарам групы ў Telegram, дзе публікаваў фашысцкі і расісцкі кантэнт з заклікамі да нападаў падчас гульняў. Ён пагражаў забойствам некаторым удзельнікам алімпіяды, у тым ліку трансгендэрнай жанчыне і прадстаўнікам мясцовых уладаў, якія неслі факел у апошнія тыдні.

Цяпер следчыя правяраюць, ці меў затрыманы канкрэтныя планы нападаў і ці спрабаваў ён, напрыклад, займець зброю.

Бяспека будзе адной з самых вялікіх праблем для французскіх улад падчас летніх Алімпійскіх гульняў, якія стартуюць праз 9 дзён. За апошнія месяцы службы сарвалі некалькі тэрактаў, якія планаваліся пераважна ісламскімі экстрэмістамі.

Найбольшую заклапочанасць выклікае маючая адбыцца цырымонія адкрыцця, якая пройдзе ў цэнтры Парыжа ў прысутнасці 300 тысяч гледачоў. Для забеспячэння мерапрыемства было задзейнічана каля ста тысяч салдат, паліцэйскіх, жандараў і ахоўнікаў.

яс/IAR