Беларуская Служба

З 1 жніўня пачнецца рэгістрацыя «замежных агентаў» у Грузіі

30.07.2024 17:15
Рэгістрацыя гэтак званых «замежных агентаў» у адпаведнасці з новым законам аб «празрыстасці замежнага ўплыву» пачне дзейнічаць у Грузіі з 1 жніўня.
  .
Пратэсты ў Грузіі. screenshot video Channel 4 News

Закон, які выклікаў масавыя пратэсты ў Грузіі, уступіць у сілу (на практыцы) 1 жніўня, заявіў міністр юстыцыі Раці Брэгадзэ. З гэтай даты няўрадавыя арганізацыі змогуць падаваць заяўкі на рэгістрацыю ў якасці «суб'ектаў, якія рэалізуюць інтарэсы замежных сіл».

Фармальна акт уступіў у сілу ў чэрвені пасля таго, як яго падпісаў спікер парламенту (прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі наклала вета на акт і адмовілася яго падпісваць, але яе вета было адхілена кіруючай партыяй). Цягам двух месяцаў Мінюст павінен быў падрыхтаваць сістэму ўліку «замежных агентаў».

Новае палажэнне прадугледжвае абавязак рэгістраваць арганізацыі і СМІ, якія атрымліваюць больш за 20 працэнтаў, як «субʼекты, якія пераследуюць інтарэсы замежных сіл» фінансавання з-за мяжы (ад установы іншай краіны, замежнага грамадзяніна або юрыдычнай асобы, не створанай пад юрысдыкцыяй Грузіі).

Гэтыя суб'екты абавязаны будуць прадстаўляць падрабязную справаздачнасць аб даходах і расходах. Міністэрства юстыцыі зможа правяраць арганізацыі, падазраваныя ў дзейнасці «ў інтарэсах замежных сілаў», на падставе пісьмовага даносу. За невыкананне патрабаванняў арганізацыі і СМІ будуць штрафаваць.

Міністэрства юстыцыі было ўпаўнаважана атрымліваць інфармацыю аб фізічных асобах, звязаных з той ці іншай арганізацыяй. Гэта ўключае канфідэнцыйную і прыватную інфармацыю, такую ​​як палітычныя погляды, паходжанне, веравызнанне, дадзеныя аб здароўі і г. д. У выпадку адмовы даць інфармацыю прадугледжаны штраф у памеры 5000 лары (прыкладна 1800 долараў), ён можа быць накладзены некалькі разоў.

За адмову добраахвотна ўвайсці ў спіс «замежных агентаў» пагражае штраф у памеры 25 тысяч лары (прыкладна 8,9 тыс. долараў). Затым дзяржава такім жа чынам унясе арганізацыю ў спіс. Калі такая арганізацыя не запоўніць фінансавую дэкларацыю, яна атрымае яшчэ адзін штраф у памеры 10 тысяч лары (3,6 тыс. долараў). Улады могуць праводзіць наступныя праверкі кожны месяц і кожны раз накладаць штраф у памеры 20 000 лары, калі яны палічаць, што фармальнасці не выкананы.

Закон аб агентах таксама прадугледжвае тое, што СМІ называюць «механізмам даносаў». Любая асоба можа напісаць заяву аб тым, што дадзеная арганізацыя зʼяўляецца «замежным агентам», і на гэтай падставе дзяржаўныя органы пачнуць сваю праверку.

На думку крытыкаў гэтай пастановы, новы закон дазволіць уладам знішчыць грамадзянскую супольнасць і ўкараніць аўтарытарную мадэль кіравання ў расійскім стылі, а яго прыняцце азначае адступленне ад заходніх стандартаў.

Улады Грузіі сцвярджаюць, што дбаюць толькі пра «празрыстасць і абарону суверэнітэту». Яны называюць праціўнікаў сваіх дзеянняў «партыяй глабальнай вайны» і абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў «знешнія сілы».

Закон аб агентах быў аспрэчаны ў Канстытуцыйным судзе прэзідэнтам Зурабішвілі, няўрадавымі арганізацыямі і апазіцыйнымі партыямі. Суд абʼяднае тры заявы ў адну і разгледзіць іх разам. Як паведаміў кіраўнік Канстытуцыйнага суда Грузіі, гэта адбудзецца ў «разумныя тэрміны».

Многія няўрадавыя арганізацыі заявілі, што не будуць рэгістравацца ў якасці «агента» і будуць выкарыстоўваць усе законныя магчымасці, каб гэтага не рабіць.



PAP/вх