Мухамад Юнус прызначаны часовым прэм'ер-міністрам Бангладэша.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру ўзначаліў урад пасля таго, як шматгадовая прэм'ер-міністр Шэйх Хасіна ўцякла з краіны пасля некалькіх тыдняў пратэстаў.
«Гэта наш другі Дзень Перамогі», — так напісаў Мухамад Юнус у заяве аб поспеху студэнцкіх пратэстаў. Па рашэнні суда ён можа вярнуцца ў краіну вольным чалавекам, пасля таго, як у студзені яму прысудзілі паўгода зняволення.
Эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру ў 2006 годзе за поспех сваёй праграмы мікрапазык, заклікаў грамадзян устрымацца ад гвалту і захоўваць спакой.
«Гвалт — наш вораг», — напісаў Юнус.
Крывавыя беспарадкі, якія доўжыліся некалькі тыдняў, наклалі адбітак на эканоміку: зачыніліся многія з 40 тысяч швейных фабрык сусветных гігантаў. На швейную прамысловасць Бангладэша прыпадае больш за 80 працэнтаў экспарту гэтай азіяцкай краіны.
Заўтра новы часовы ўрад Бангладэша павінен прынесці прысягу.
яс/IAR