Беларуская Служба

Еўракамісія перамагла ў Еўрапейскім судзе з амерыканскімі гігантамі — Apple і Google

10.09.2024 15:06
Кампанія Apple павінна заплаціць 13 мільярдаў еўра запазычанасці па падатках, а Google — штраф у памеры 2 мільярдаў 400 мільёнаў еўра.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Fabrizio Maffei/ Shutterstock

«Гэта вялікая перамога Камісіі, правіл адзінага рынку і падатковай справядлівасці», — так пракаментавала вердыкт суда ў дачыненні да Apple камісар ЕС па канкурэнцыі Маргрэт Вестагер.

Спрэчка паміж Еўракамісіяй і Apple доўжыцца з 2016 года. Менавіта тады Брусель вырашыў, што амерыканская кампанія атрымала выгаду ад забароненай дзяржаўнай дапамогі ў Ірландыі, дзе знаходзіцца яе еўрапейская база, дзякуючы спрыяльнай падатковай інтэрпрэтацыі. На думку камісіі, гэта дало амерыканскай кампаніі прэферэнцыйны рэжым у параўнанні з яе канкурэнтамі. Таму Брусель загадаў вярнуць 13 мільярдаў еўра.

Тэхналагічны гігант абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе ЕС. У 2020 годзе суд прызнаў рашэнне камісіі несапраўдным. Затым справа была перададзеная ў Еўрапейскі суд, які, аднак, адмяніў рашэнне, знайшоўшы памылкі суда першай інстанцыі. Ён палічыў, што Брусель мае рацыю. Кампанія Apple павінна вярнуць у бюджэт Ірландыі 13 мільярдаў еўра. Гэта таксама сігнал для іншых буйных тэхналагічных кампаній, што яны больш не змогуць карыстацца падатковымі льготамі.

Што тычыцца Google, то ў 2017 годзе камісія абвінаваціла кампанію ў злоўжыванні дамінуючым становішчам на рынку пошукавых сістэм. Амерыканская кампанія прасоўвала ўласны прайс-браўзер, размяшчаючы іншыя прапановы на аддаленых пазіцыях. Камісія наклала штраф у памеры 2 мільярдаў 400 мільёнаў. І хоць Google не пагадзіўся з абвінавачаннямі і звярнуўся ў суд у Люксембургу, сёння стала вядома, што Еўрапейскі суд пагадзіўся з Камісіяй. Амерыканскі гігант павінен заплаціць штраф.

IAR/нг