Літва пачала прадаваць абаронныя аблігацыі. Гэта яшчэ адзін спосаб атрымаць дадатковыя сродкі для ўмацавання дзяржаўнай бяспекі. Працэнтная стаўка па аблігацыях складае 2% гадавых. Іх будуць выпускаць да 28 кастрычніка, а выкуп павінен адбыцца роўна праз год. Аблігацыі могуць набыць як прыватныя асобы, так і кампаніі.
Улады Вільні падкрэсліваюць, што продаж аблігацый закліканы заахвоціць літоўцаў дапамагаць дзяржаве ў фінансаванні патрэб абароны. І гэта не адзіны спосаб - на мінулым тыдні запрацаваў Фонд абароны дзяржавы, у які грошы могуць пералічваць усе жыхары краіны, прадпрыемствы і арганізацыі. За некалькі дзён было сабрана амаль 20 тысяч еўра.
Фонд абароны плануецца выкарыстоўваць для развіцця абараназдольнасці Літвы. Грошы будуць накіраваны, у тым ліку, на закупку зброі. Мінабароны прагназуе, што ў наступным годзе ў фонд паступіць больш за 200 мільёнаў еўра.
IAR/аз