Беларуская Служба

Літоўцы выбіраюць новы парламент

13.10.2024 06:25
За месцы ў 141-мясцовым Сейме змагаюцца 15 партый і дзве кааліцыі. Ёсць у выбарчых спісах і літоўскія палякі.
Ілюстрацыйны здымакObraz Leopictures z Pixabay/CC0

Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 7 гадзіне раніцы па мясцовым часе. На месцы дэпутатаў прэтэндуюць больш за тысячу семсот чалавек. Журналістка літоўскай тэлевізіі LRT Ганна Грыгойч адзначае, што літоўцы маюць асаблівыя чаканні ад урада. «Яны, безумоўна, хочуць большай яснасці, калі справа даходзіць да запаволення рэформаў, такіх як рэформа адукацыі. Пачуццё бяспекі таксама важна. Літоўцы таксама чакаюць, што новы ўрад разбярэцца з ключавымі праблемамі, такімі як рост кошту жыцця або паляпшэнне якасці камунальных паслуг», — тлумачыць журналістка.

Са спісаў некаторых партый балатуюцца таксама палякі, якія з'яўляюцца грамадзянамі Літвы. Найбольш — са спісу Выбарчай акцыі палякаў Літвы — Аб'яднання хрысціянскіх сем’яў. «Мы зможам убачыць, колькі насамрэч польскасці на Віленшчыне і колькі падтрымкі польскай партыі і як яна раскладецца», — каментуе Валенты Вайніло з сайта Wilnoteka.

У Літве змешаная выбарчая сістэма. Больш за палову дэпутатаў абіраюцца па аднамандатных акругах. Калі ў такой акрузе ніводзін з кандыдатаў не набярэ больш за палову галасоў, праз два тыдні будзе арганізаваны другі тур выбараў. У ім возьмуць удзел два чалавекі, якія сёння набяруць найбольшую колькасць галасоў.

У Літве экзітполаў няма. Папярэднія вынікі выбараў будуць вядомыя сёння ўвечары.

ПР/юл