Летам 2024 года польскія вадалазы з групы Baltictech выявілі на дне Балтыйскага мора каля вострава Эланд абломкі 16-метровай драўлянай шхуны, якая перавозіла больш за сто бутэлек шампанскага, віна і мінеральнай вады, а таксама парцаляну. Карабель затануў у 1861 годзе па дарозе да расійскага цара Аляксандра II.
У маі 2025 года шведскія археолагі правялі экспедыцыю па здабычы часткі артэфактаў, і адно з выяўленых 170-гадовых шампанскіх вінаў было прадэгуставана і прааналізавана.
Адным з самых чаканых момантаў даследавання была праверка стану і смаку вытрыманага шампанскага. Шведскі дзяржаўны археолаг Магнус Петэрсан разам з вопытным самелье ўзяўся за гэтую задачу, правёўшы невялікі тэст змесціва адной са 100 бутэлек, знойдзеных у абломках карабля.
— Шампанскае захавалася ў даволі добрым стане, але яно больш не было насычана вуглякіслым газам, і змесціва было злёгку каламутным, — сказаў Петэрсан PAP. Археолаг апісаў смак 170-гадовага шампанскага як салодкі, фруктовы, з выразна прыкметнай ноткай старога, занядбанага гарышча, што, безумоўна, адрозніваецца ад сучасных стандартаў дэгустацыі гэтага тыпу напояў.
Вядомы вытворца гэтага напою, французская кампанія Roederer таксама ўдзельнічала ў праекце, звязаным з вывучэннем знойдзенага шампанскага, і ў адказ на знаходку накіравала свайго эксперта ў Швецыю.
— Яны вельмі хочуць зрабіць хімічны аналіз напою і параўнаць яго з сучасным шампанскім, — растлумачыў Петэрсан. Гэты аналіз можа даць каштоўную інфармацыю пра метады вытворчасці шампанскага таго часу і яго эвалюцыю на працягу паўтара стагоддзя.
Далейшы лёс знойдзенага скарбу пакуль застаецца часткова невядомым. Паводле слоў археолага, наступным крокам будзе публікацыя падрабязнай справаздачы аб праведзеных даследаваннях і аналізах. Пакуль невядома, ці будзе шампанскае, паднятае з месца крушэння, выстаўлена ў адным з музеяў, і што ў рэшце рэшт будзе з астатняй часткай каштоўнага грузу, які дагэтуль ляжыць на дне Балтыйскага мора ў абломках шхуны «Хенрык».
PAP/вх