Аўстрыйскія ўлады дэпартуюць у Расію чачэнцаў, якія шукаюць прытулку, нягледзячы на рызыку іх прымусовага прызыву ў войска і адпраўкі на вайну ва Украіну, паведамляе агенцтва AFP. У абгрунтаванні такога рашэння згадвалася пагроза «бяспецы дзяржавы», хоць праваабарончыя арганізацыі папярэджваюць, што такія дзеянні парушаюць міжнароднае права. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Ян Алендзкі:
- Amnesty International заклікае спыніць дэпартацыю грамадзян Чачэнскай рэспублікі ў Расію, звяртаючы ўвагу на рызыку мабілізацыі і рэпрэсій. Чачэнская абшчына ў Аўстрыі, якая, паводле афіцыйных дадзеных, налічвае ад 30 да 40 тысяч чалавек, папярэджвае, што часта сутыкаецца з прадузятасцю і адсутнасцю доступу да юрыдычнай дапамогі. Нягледзячы на тое, што Аўстрыя не падтрымлівае афіцыйнага супрацоўніцтва з Расіяй з моманту ўварвання ва Украіну, дэпартацыі адбываюцца праз трэція краіны, такія як Сербія, Азербайджан і Грузія. Еўрапейскі суд па правах чалавека раней асудзіў падобную практыку, звярнуўшы ўвагу на тое, што дэпартацыі ў Расію могуць парушаць забарону на катаванні, то бок артыкул 3 Канвенцыі.
ІАR/аз