Беларуская Служба

Сацсеткі даюць магчымасць злачынным групам вербаваць дзяцей дзеля жорскіх злачынстваў

22.06.2025 16:29
Папулярныя камп’ютарныя гульні і сацыяльныя сеткі робяць дзяцей ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў лёгкай здабычай.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: shutterstock/Rawpixel.com

Арганізаваныя злачынныя групоўкі вярбуюць дзяцей для здзяйснення самых жорсткіх злачынстваў — ад катаванняў да забойстваў. Гэта становіцца магчымым на шыфраваных інтэрнэт-платформах. Паліцэйскае агенцтва Еўрапол прааналізавала гэты трывожны трэнд у дакладзе «Зменлівае ДНК арганізаванай злачыннасці». Паводле аўтараў дакладу, гэтая з’ява асабліва небяспечная, бо выходзіць з-пад кантролю і не ведае межаў.

Папулярныя камп’ютарныя гульні і сацыяльныя сеткі — такія як Instagram, Snapchat, YouTube ці TikTok — робяць дзяцей ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў лёгкай здабычай для злачынцаў у віртуальным свеце, — адзначыла дырэктарка Еўраполу Катрын дэ Боле (Catherine de Bolle).

«Раней маладых людзей вербавалі на вуліцы. Цяпер злачынцы могуць адначасова звяртацца да тысяч чалавек. Пры такім ахопе заўсёды знойдзецца нехта, хто зацікавіцца іх прапановай».

Злачынцы прапануюць хуткі заробак — напрыклад, за забойства абяцаюць 20 тысяч еўра. Барацьбой з гэтай з’явай, якая пашыраецца па ўсёй Еўропе, займаецца спецыяльная Аператыўная група «Grimm», якую ўзначальвае Швецыя і ў склад якой уваходзяць праваахоўныя органы Бельгіі, Даніі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Нідэрландаў і Нарвегіі.

Для эфектыўнай барацьбы неабходна еўрапейская дыскусія аб абароне персанальных дадзеных і выкарыстанні шыфраваных платформаў, якія ствараюцца прыватнымі кампаніямі. Катрын дэ Боле падкрэсліла, што адказнасць ляжыць таксама на прыватным сектары.

«Ці гэта нармальна, што кожны можа стварыць што яму прыйдзе ў галаву, выпусціць на рынак, а з наступствамі змагаемся ўсе мы?» — пыталася яна.

Дырэктарка Еўраполу таксама заявіла, што непаўналетніх, якія ўжо здзейснілі злачынствы, варта ўспрымаць як ахвяр, якім неабходна аказаць дапамогу.

IAR/нг