Канфлікт на Блізкім Усходзе будзе дамінаваць на саміце НАТА, які пачынаецца сёння ў Гаазе. Нагадваем, Ізраіль і Іран пагадзіліся на 12-гадзіннае спыненне агню, пра што раніцай у сацсетках паведаміў прэзідэнт Дональд Трамп.
Амерыканіст з Ягелонскага ўніверсітэта прафесар Радаслаў Рыбкоўскі(Radosław Rybkowski) лічыць, што эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе будзе больш цікавіць лідараў дзяржаў-членаў альянсу, чым выдаткі на абарону:
- У сітуацыі, калі найважнейшы член альянсу заангажаваўся ў ваенныя дзеянні, то гэта стане галоўнай тэмай перамоваў. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра тое, каб пазнаёміць астатніх членаў альянсу з сітуацыяй.
Гэта будзе першы саміт НАТА для Дональда Трампа падчас ягонага другога тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Прафесар Рыбкоўскі адзначае, што спосаб дзеянняў ЗША ў ізраільска-іранскім канфлікце сведчыць пра стаўленне амерыканскага лідара да НАТА:
- Факт, што хутчэй за ўсё, не ўсе хаўруснікі ведалі пра тое, што ЗША плануюць удзельнічаць у такой аперацыі, гэта доказ стаўлення прэзідэнта ЗША да НАТА. НАТА павінна служыць рэалізацыі асноўных мэтаў палітыкі Дональда Трампа.
Саміт НАТА ў Гаазе працягнецца да заўтра. У ім хутчэй за ўсё прыме ўдзел таксама прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. З працоўным візітам для ўдзелу ў саміце НАТА ў Нідэрланды прыбыла таксама дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская.
IAR/аз