На адмысловай прэс-канферэнцыі, прысвечанай агульнаму агляду міжнародных пагроз, начальнік штаба Узброеных сіл Францыі генерал Цьеры Буркхард заявіў, што Расія абрала Францыю сваім галоўным праціўнікам у Еўропе. Ён нагадаў, што пра гэта казаў сам Пуцін. «Гэта не значыць, што (Пуцін) не мае справы з іншымі краінамі. Гэта не азначае, што ён мае з намі справу толькі праз гібрыдныя дзеянні», – сказаў генерал.
Паводле яго слоў, Расія «ўяўляе пастаянную, непазбежную і найбольш значную пагрозу». «Гэта сапраўдная ваенная пагроза канвенцыйная і ядзерная», – папярэдзіў генерал, ацаніўшы мадэль расійскай арміі як цалкам завершаную і самадастатковую.
Ён запэўніў, што Францыя, як ядзерная дзяржава, абароненая ядзерным стрымліваннем, не адчувае пагрозы ад прамога і сур'ёзнага нападу на сваю тэрыторыю. «Францыя не адна ў Еўропе, яна мае інструменты калектыўнай абароны. Мы не зʼяўляемся краінай, якой пагражае найбольшая небяспека», – адзначыў кіраўнік штаба.
Аднак, адзначыў ён, у Расіі «ёсць шмат іншых варыянтаў» дзеянняў, такіх як гібрыдныя аперацыі, у тым ліку дэзынфармацыя, кібератакі і шпіянаж. Генерал таксама распавёў пра дыверсійныя аперацыі, накіраваныя супраць падводнай інфраструктуры, дэзынфармацыйныя кампаніі ў Францыі і Афрыцы, а таксама пра спробы расійскіх спадарожнікаў глушыць або шпіёніць за французскімі спадарожнікамі. Вайсковец таксама згадаў пра дзейнасць расійскіх атамных падводных лодак у паўночнай частцы Атлантычнага акіяна і Міжземнага мора, дзе экіпажы гэтых падводных лодак спрабуюць назіраць за зонамі, важнымі для Францыі і Вялікабрытаніі.
«Ключавая мэта (Расіі) у дачыненні да цяперашніх пагроз Францыі – гэта (наша) нацыянальная згуртаванасць, гэта значыць цэнтр цяжару нашай краіны», – сказаў генерал. Ён папярэдзіў аб небяспецы дэзынфармацыі і прызнаў, што Францыя таксама зʼяўляецца мішэнню шпіянажу.
Буркхард заявіў, што стратэгічнае асяроддзе Францыі ў цяперашні час характарызуецца крызісамі, якія памнажаюцца. – Цяжка ўявіць, якімі могуць быць шляхі выхаду або стабілізацыі ў кароткатэрміновай перспектыве, – прызнаў ён. Ён папярэдзіў, што ў цяперашні час няма ніякіх перспектыў вяртання да папярэдняй сітуацыі.
Ён ацаніў, што адбываецца працэс свядомага ці несвядомага прызвычаення да ўзмацнення гвалту. «Ці лічылася б нармальным пяць гадоў таму, калі б адна краіна выпусціла 300 ракет па іншай і сказала, што гэта насамрэч несурʼёзна, бо 95 працэнтаў з іх збітыя ці былі перахопленыя? Насамрэч, гэта сурʼёзна і ненармальна, – сказаў ён.
Генерал таксама выказаў здагадку, што пагроза тэрарызму ў Францыі будзе захоўвацца, і што наступствы глабальнага пацяплення будуць усё больш адчувальнымі ў будучыні. «Гэта тое, што будзе цяжарам для дзяржаўных рэсурсаў. Узброеныя сілы павінны гэта прадбачыць», – адзначыў вайсковы афіцэр.
Генерал Буркхард узначальвае Генеральны штаб Узброеных сіл Францыі з 2021 года. Прэс-канферэнцыі начальніка штаба – гэта выключная падзея – апошні раз такая прамова адбылася ў верасні 2021 года.
PAP/вх