«Шлях да міру не можа быць пракладзены без Украіны», — заявілі еўрапейскія лідары перад сустрэчай Трампа і Пуціна. Лідары Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Германіі, Польшчы і Фінляндыі апублікавалі заяву ў падтрымку дыпламатычных намаганняў прэзідэнта ЗША па спыненні вайны.
«Мы перакананыя, што спалучэнне актыўнай дыпламатыі, падтрымкі Украіны і ціску на Расійскую Федэрацыю з мэтай спынення яе незаконнай вайны можа прывесці да поспеху. Мы падтрымліваем гэтыя намаганні, але таксама захоўваем ваенную і фінансавую падтрымку Украіны праз Кааліцыю ахвотных і санкцыі супраць Расіі», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай брытанскім урадам.
Еўрапейскія лідары падкрэслілі, што дыпламатычнае рашэнне канфлікту павінна адпавядаць інтарэсам Украіны і Еўропы. Было адзначана, што мірныя дамоўленасці павінны прадугледжваць надзейныя гарантыі бяспекі для Украіны, даць ёй магчымасць абараніць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, а таксама выбіраць сваю палітычную будучыню: «шлях да міру не можа быць дасягнуты без Украіны». «Мы па-ранейшаму адданыя прынцыпам міжнароднага права, што дзяржаўныя межы не могуць быць зменены сілай. Цяперашняя лінія фронту павінна быць адпраўной кропкай для перамоў», — гаворыцца ў паведамленні.
Камуніке падпісалі прэм'ер-міністры Вялікабрытаніі, Польшчы і Італіі, канцлер Германіі, прэзідэнты Францыі і Фінляндыі, а таксама старшыня Еўрапейскай камісіі. Учора прадстаўнікі гэтых краін сустрэліся ў Вялікабрытаніі з міністрам замежных спраў Дэвідам Лэмі, віцэ-прэзідэнтам ЗША Дж. Д. Вэнсам і ўкраінскай дэлегацыяй — Андрэем Ермаком і Рустэмам Умеравым.
ПР/юл