Беларуская Служба

Літва абучыць 22 500 чалавек, у тым ліку дзяцей, кіраванню беспілотнікамі

13.08.2025 18:01
У Літве будзе створана дзевяць цэнтраў для навучання кіраванню і канструкцыі беспілотнікаў.
. .
Беспілотнік. Ілюстрацыя.Фота: https://pixabay.com/AzureEyes

Навучанне пройдуць 22 500 чалавек, у тым ліку вучні 3-12 класаў, паведаміла Міністэрства абароны.

«Мы плануем, што да 2028 года 15 500 дарослых і 7000 дзяцей атрымаюць навыкі кіравання беспілотнікамі дзякуючы рэалізацыі праграмы навучання», – кажа міністр нацыянальнай абароны Давіле Сакаліене ў заяве Міністэрства абароны.

Міністр абвясціла, што першыя тры цэнтры адкрыюцца ў верасні.

Праект, які рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі, прадугледжвае прыцягненне самых малодшых вучняў, 3-4 класаў, да стварэння і пілатавання простых беспілотнікаў праз практычныя эксперыменты і гульні. Вучні старэйшых класаў навучацца праграмаваць і кіраваць беспілотнікамі FPV, а таксама збіраць іх з кампанентаў.

Навучанне будзе праводзіцца Літоўскай асацыяцыяй стралкоў сумесна з Літоўскім агенцтвам нефармальнай адукацыі, якое будзе навучаць дзяцей у пачатковых і сярэдніх школах.

Агульны аб'ём інвестыцый у праект складае больш за 3,3 мільёна еўра. Гэтае фінансаванне будзе выкарыстана на спецыялізаванае абсталяванне: сістэмы кіравання, сістэмы перадачы відэа, беспілотнікі FPV для выкарыстання ў памяшканнях і на вуліцы, праграмнае забеспячэнне і мабільную праграму для адукацыйных матэрыялаў.

ав