Ізраіль не толькі не спыняе баявыя дзеянні супраць групоўкі «Хезбала», але і накіроўвае дадатковыя войскі на поўдзень Лівана. Прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху падкрэсліў, што абвешчанае перамір’е не распаўсюджваецца на ліванскі кірунак.
Нягледзячы на гэта, частка вымушаных перасяленцаў пачала вяртацца дадому, спадзеючыся на паляпшэнне сітуацыі. На дарогах утварыліся заторы. Аднак шыіцкі рух «Амаль», які падтрымлівае «Хезбалу», заклікаў ліванцаў пакуль не вяртацца ў свае дамы з меркаванняў бяспекі.
Ізраільская армія працягвае наносіць удары: раніцай былі абстраляныя раёны Езін і Набатыя. Да аперацыі далучаецца 98-я дывізія, у склад якой уваходзяць дэсантнікі, спецпадраздзяленні і артылерыя. Такім чынам, у Ліване будуць дзейнічаць ужо пяць ізраільскіх дывізій.
Паводле звестак газеты Haaretz, нягледзячы на жорсткую рыторыку ўрада, Ізраіль не плануе далейшага паглыблення наступу, а імкнецца захаваць абмежаваную наземную прысутнасць. Гэта звязана, у тым ліку, з рызыкамі празмернага заангажавання рэзервістаў.
Выданне таксама адзначае, што першапачаткова разглядаўся сцэнар маштабнай ваеннай кампаніі супраць «Хезбалы», аднак у выніку быў абраны больш стрыманы падыход — удары па інфраструктуры і асобных членах групоўкі.
Раней Jerusalem Post паведамляла, што ізраільскія вайскоўцы прызналі: поўнае раззбраенне «Хезбалы» без шырокамаштабнага ўварвання немагчымае, а на такі сцэнар Ізраіль ісці не плануе.
iar/эж