Амерыканскія войскі знаходзяцца ў Еўропе не толькі для таго, каб абараняць еўрапейскія інтарэсы, але і амерыканскія інтарэсы — так кіраўніца знешняй палітыкі ЕС Кая Калас пракаментавала ў панядзелак рашэнне ЗША вывесці 5 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў з Германіі. Яна назвала «нечаканым» час, калі рашэнне было агучаным.
— Пра вывад амерыканскіх войскаў з Еўропы гаворка ідзе ўжо даўно, але, вядома, час, калі рашэнне было агучаным, нечаканы. Я думаю, што гэта паказвае, што мы павінны сапраўды ўмацаваць еўрапейскі слуп НАТА, — падкрэсліла Кая Калас. — Амерыканскія войскі знаходзяцца ў Еўропе не толькі для таго, каб абараняць еўрапейскія інтарэсы, але і амерыканскія інтарэсы, — дадала вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і абароне, якая ўдзельнічае ў саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване.
У пятніцу Пентагон абвясціў, што на працягу наступных 6-12 месяцаў выведзе 5 тысяч вайскоўцаў з Германіі. Нягледзячы на тое, што міністэрства сцвярджала, што гэта вынік унутранага аналізу, рашэнне было прынята пасля таго, як Трамп гнеўна адрэагаваў на крытыку Фрыдрыха Мерца вайны з Іранам.
У чацвер Трамп заявіў, што Мерц павінен больш часу прысвячаць спыненню вайны Расіі з Украінай і аднаўленню сваёй краіны, замест таго, каб перашкаджаць тым, хто ліквідуе іранскую пагрозу. Прэзідэнт ЗША адказаў на неаднаразовыя каментары Мерца пра тое, што ў амерыканцаў няма стратэгіі ў вайне з Іранам.
PAP/ав