Прэзідэнт Дональд Трамп сустрэўся ў панядзелак са сваёй камандай па нацыянальнай бяспецы, каб абмеркаваць далейшыя крокі ў вайне з Іранам. Паколькі перамовы з Тэгеранам зайшлі ў тупік, адным з варыянтаў зʼяўляецца аднаўленне ваенных дзеянняў.
Злучаныя Штаты чакалі дзесяць дзён адказу Ірану на праект пагаднення. Белы дом спадзяваўся на прагрэс, але замест гэтага Тэгеран адказаў рашучым «не». Іранскія ўлады адхілілі амерыканскую прапанову аб спыненні канфлікту, ахарактарызаваўшы яе як патрабаванне капітуляваць перад празмернымі патрабаваннямі Дональда Трампа.
У сваю чаргу Трамп назваў мірную прапанову, прадстаўленую іранцамі ў нядзелю, «смеццем», і заявіў, што спыненне агню з Іранам «знаходзіцца на штучнай падтрымцы жыццядзейнасці».
Іранцы таксама становяцца ўсё больш ваяўнічымі. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Эсмаіл Багей назваў патрабаванні ЗША «неразумнымі», а спікер парламенту Махамад Галібаф заявіў, што Тэгеран гатовы адказаць на агрэсію так, што некаторыя «моцна здзівяцца».
Сёння прэзідэнт ЗША заявіў, што радыкалы ўзялі верх у Іране.
— У іранцаў ёсць умераныя палітыкі, якія хочуць пагаднення, і ў іх ёсць варʼяты. Умераныя баяцца варʼятаў, — сказаў Трамп, запярэчыўшы меркаванням, што ў яго няма плана па спыненні вайны з Іранам. — У мяне ёсць план. Гэта вельмі просты план: Іран не можа мець ядзернай зброі, — заявіў амерыканскі прэзідэнт, дадаўшы, што спыненне агню з Іранам можа адбыцца ў любы момант.
ПР/юл