Беларуская Служба

Пачаўся саміт лідараў ЗША і Кітая

14.05.2026 07:21
Гэта першы візіт Дональда Трампа ў сталіцу Кітая з 2017 года. Парадак дня ўключае эканамічнае супрацоўніцтва, сітуацыю на Блізкім Усходзе і продаж амерыканскай зброі Тайваню.
Прэзідэнт Дональд Трамп падчас вітальнай цырымоніі са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у ПекінеEPA/Maxim Shemetov / POOL Dostawca: PAP/EPA

Старшыня Кітая Сі Цзіньпін пачаў сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Пекіне ў чацвер, падкрэсліўшы важнасць двухбаковых адносін для свету. Гаспадар сустрэчы заўважыў, што стабільныя адносіны паміж Кітаем і ЗША гарантуюць стабільную глабальную сітуацыю.

— Стабільныя адносіны Кітая з ЗША прыносяць карысць свету. Калі абодва бакі супрацоўнічаюць, абодва выйграюць. Калі абодва бакі змагаюцца, абодва прайграюць. Мы павінны быць партнёрамі, а не супернікамі, — сказаў ён.

Трамп назваў Сі «вялікім лідарам» і паабяцаў, што абедзве краіны будуць мець «фантастычную будучыню».

— У нас фантастычныя адносіны. Кожны раз, калі ў нас узнікала праблема, мы вельмі хутка яе вырашалі, і ў нас будзе фантастычная будучыня разам (...) Для мяне гонар быць з вамі, быць вашым сябрам, і адносіны паміж ЗША і Кітаем будуць мацнейшымі, чым калі-небудзь, — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.

Перамовы ў Пекіне будуць у першую чаргу сканцэнтраваныя на далікатным гандлёвым пагадненні паміж Кітаем і ЗША. Падпісанае восенню аднагадовае пагадненне паклала канец жорсткай тарыфнай вайне паміж дзвюма краінамі. Павышэнне Вашынгтонам тарыфаў на кітайскія тавары прывяло да ўвядзення Пекінам беспрэцэдэнтных абмежаванняў на экспарт рэдказямельных элементаў.

Анансуючы візіт у інтэрв'ю Fox News, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што ЗША не маюць намеру «стрымліваць» Кітай, але дадаў, што кітайскі ўздым не можа адбывацца за кошт ЗША.

— Гэта не можа адбывацца шляхам нашага заняпаду. Гэта тая сфера, дзе ў нас будуць розныя меркаванні, — адзначыў палітык.

Кітай таксама выступае супраць продажу амерыканскай зброі Тайваня. Трамп пагадзіўся паставіць ураду Тайбэю зброю на рэкордную суму 11 мільярдаў долараў. Візіт таксама разглядаецца як праверка амерыканскай палітыкі ў дачыненні да Тайваню і гарантый бяспекі ЗША. Паводле Белага дому, Трамп таксама абмяркуе падтрымку Расіі Пекінам.

Візіт Трампа адбываецца на фоне найбуйнейшых за апошнія гады хваляванняў, звязаных з вайной на Блізкім Усходзе. Чакаецца, што лідары ​​таксама абмяркуюць сітуацыю ў Іране. Да вайны Кітай купляў больш за 80 працэнтаў іранскага экспарту нафты.

Трамп застанецца ў Пекіне да пятніцы.

ПР/РАР/юл