Прэмʼер-міністры Польшчы і Вялікабрытаніі Дональд Туск і Кір Стармер у сераду ў Лондане падпісалі дамову аб партнёрстве ў сферы бяспекі і абароны. Яна тычыцца, у прыватнасці, вайсковага супрацоўніцтва, уключаючы сумесныя вайсковыя вучэнні, а таксама кааперацыі абароннай прамысловасці.
Як раней паведамляла канцылярыя польскага прэмʼер-міністра, спіс праектаў па рэалізацыі дагавора з Вялікабрытаніяй уключае, сярод іншага, супрацоўніцтва ў барацьбе з гібрыднымі пагрозамі, дэзынфармацыяй і нелегальнай міграцыяй. Яна таксама прадугледжвае развіццё абароны, супрацоўніцтва абароннай прамысловасці, кібербяспеку і бяспеку марской інфраструктуры, энергетыкі і аховы здароўя.
Пасля падпісання дамовы Дональд Туск заявіў, што ў дакуменце шмат месца прысвечана міжнароднай салідарнасці.
– Палітычны складнік гэтай дамовы – гэта ўмацаванне еўрапейскай салідарнасці, салідрнасці ў рамках НАТА і еўрапейска-амерыканскай салідарнасці, гэта значыць трансатлантычных сувязяў.
Кіраўнік польскага ўрада падкрэсліў, што ўжо ў адным з першых палажэнняў польска-брытанскага дагавора абодва бакі ўсведамляюць, што «стратэгічнай і доўгатэрміновай пагрозай для Польшчы, Вялікабрытаніі і НАТА зʼяўляецца Расія».
Падобную дамову – аб пашыраным супрацоўніцтве і сяброўстве – год таму Польшча падпісала з Францыяй.
вс